Новыя выклікі для беларускага турбізнесу
Галоўны рэдактар газеты “Туризм и Отдых” Лілія Кобзік распавядае, якія наступствы чакаюць беларускі турбізнес пасля ўступлення 1 сакавіка ў сілу адмысловай пастановы Нацбанка.
Нагадаем, з 1 сакавіка беларускія турфірмы не змогуць прымаць замежную валюту ад кліентаў. Забарона прапісана ў пастанове Нацбанка, якая будзе дзейнічаць да пачатку 2017 года.
Лілія Кобзік: Турыстычны бізнес занепакоены, бо ніхто ж не ведае, як усё будзе прымяняцца на практыцы. Але самае галоўнае – ніхто не ведае, як будзе развівацца эканамічная сітуацыя. Для ўсёй беларускай эканомікі (а значыцца, і для турызму) важна, што ў бліжэйшы час будзе адбывацца на Усходзе. У якім стане будзе расейска-ўкраінскі канфлікт? Ці здымуць з Расеі санкцыі? Калі ўмацуецца расейская эканоміка, то і ў Беларусі з’явіцца больш-менш стабільнасць, бо мы ж літаральна завязаны на Расеі. Усе іх праблемы напрамую б’юць па нас. Што датычыцца пастановы, то зразумела, што яна прынята супраць дэдалярызацыі. Але чаму выбралі такі момант, калі ў беларусаў зусім дрэнна з фінансамі? Многія гады сярэдні клас мог сабе дазволіць выдаткоўваць грошы на адпачынак. Зараз сітуацыя не тая, продажы па ранняму браніраванню тураў абваліліся амаль на чвэрць. І гэта яшчэ дастаткова аптымістычна. Таму і так не кожны беларус можа дазволіць адпачынак, а зараз і пуцёўкі яшчэ прывязалі да даляра, які апускацца, мяркуючы па ўсім, не збіраецца. Што, ёсць нейкія пасылы, што сітуацыя з нацыянальнай валютай зменіцца ў лепшы бок? Наадварот. Падзеі апошніх часоў сведчаць пра тое, наколькі нестабільны беларускі рубель.
РР: Да якіх наступстваў можа прывесці пастанова Нацбанка?
Лілія Кобзік: Мы ўжо назіраем два непрыемныя для айчыннага турбізнесу моманты. Першы – беларусы ўсё часцей адмаўляюцца ад паслугаў сваіх турыстычных аператараў і ўсё большы давер праяўляюць да тых жа замежных сайтаў браніравання, якія не з’яўляюцца беларускімі рэзідэнтамі. Падарожнічаць адпраўляюцца таксама з замежных бюджэтных аэрапортаў і гэдак далей… Гэта дрэнна для Беларусі. Я не ведаю, якія аналітыкі працавалі ў Нацбанку над пастановай, але ж яны павінны былі прадбачыць такое. Другі негатыўны момант – гэта магчымае адкатванне схемаў бізнеса, як было ў 90-я, калі грошы вывозіліся за мяжу і плаціліся на месцы замежнаму партнёру. А ў Беларусі аплочваецца толькі невялікая дэльта – турыстычная паслуга. І на гэтым дзяржава губляе. Бізнес развіваецца па сваіх схемах, а не па пастановах. Логіка турыстычнага бізнеса вельмі простая – справа павінна прыносіць грошы, а схема павінна быць зручнай для кліента. Гэта значыць, што пры жаданні чалавек можа заплаціць за паслугі, як у валюце так і ў рублях. Таму, калі глядзець на пастанову Нацбанка, то намаганні дзяржавы зразумелыя. Незразумелыя механізмы, з дапамогай якіх усё гэта робіцца, і тое, якім чынам на практыцы можна захаваць умовы, на якіх прапануе гуляць дзяржава
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота viza.vn.ua