Нямеччына збіраецца стварыць спецыяльны фонд для абыходу санкцый ЗША 



Нямеччына, паводле  дадзеных нямецкага часопіса «Більд», збіраецца стварыць спецыяльны фонд для абыходу амерыканскіх санкцый супраць праекта «Паўночны паток-2». Будаўніцтва газаправода хочуць завяршыць як мага хутчэй.

У нямецкай зямлі Мекленбург – Пярэдняе Памор’е  ўжо ў бліжэйшыя дні можа з’явіцца новы фонд абароны клімату. Фармальна менавіта яму, як паведамляе «Більд», будуць падаваць свае паслугі нямецкія  кампаніі, якія працуюць над «Паўночным патокам-2». Паводле  дадзеных выдання, такім чынам чыноўнікі плануюць засцерагчы нацыянальны бізнэс ад новых санкцый Вашынгтона, якія павінны ўступіць у сілу ўжо ў студзені. Крыніца часопіса сказала, што немцы чакаюць,  што быццам гэтая схема дазволіць і завяршыць  расейскі дзяржаўны праект, і пазбегнуць страт для прадпрымальнікаў.

Афіцыйна ўлады Нямеччыны інфармацыю аб стварэнні новага фонду абароны клімату яшчэ не каментавалі.

Паводле першапачатковага  плану газаправод павінен быў запрацаваць  у 2019 годзе, але летась у  снежні працы прыпынілі з-за санкцый. На мінулым тыдні ў кампаніі Nord Stream 2 AG абвясцілі, што будаўніцтва завершана ўжо больш чым на 90 працэнтаў і аднавіць яго збіраюцца да канца года. «Паўночны паток-2» будуецца з 2016 года.

Газаправод мае звязаць Расею і Нямеччыну ў абыход Польшчы і краін Балтыі.

 Беларускае Радыё Рацыя