Нявестка Лукашэнкі лятае на прыватных джэтах з дыппашпартам



Нявестка Аляксандра Лукашэнкі, жонка Віктара Лукашэнкі Лілія, стала гераіняй новага матэрыялу „Альянсу расследвальнікаў Беларусі”.

Лілія Лукашэнка, фота: belta.by

Яны вывучылі замежныя паездкі Ліліі і прыйшлі да наступных высноў: калі напачатку „нулявых” Лілія з сям’ёй лятала за мяжу па некалькі разоў на год, потым колькасць пералётаў вырасла. У 2010-м яна, калі верыць базам перасячэння мяжы, вылятала рэкордныя 16 разоў.

У сярэднім нявестка Лукашэнкі здзяйсняе пералёты па 8-12 разоў у год. Нярэдка Лілія лятае за мяжу не толькі з сям’ёй, але і буйнымі бізнэсоўцамі — напрыклад, Паўлам Тапузідзісам, а таксама з жонкамі беларускіх топ-чыноўнікаў.

У Віктара і Ліліі Лукашэнкаў, а таксама ў іх дзяцей ёсць дыпламатычныя пашпарты, хоць прававых падстаў для іх выдачы няма. З імі разам перасоўваюцца ахоўнікі і абслуга.

Па падліках расследвальнікаў, адзін такі палёт на джэце ў „службовую камандзіроўку” абыходзіцца як мінімум у 47 тысяч еўра.

Беларускае Радыё Рацыя