Нявыгадны імпарт легкавых аўтамабіляў і Мытны саюз



Каму найбольш выгаднае змяненне правілаў імпарту ўжываных аўтамабіляў у Мытны саюз Беларусі, Расеі і Казахстана? Прыгадаем, што Мытны саюз пастанавіў абмежаваць імпарт ужываных аўто ды ўвёў дадатковыя мытныя аплаты.

Выглядае на тое, што гэта найбольш выгадна Расеі, а менавіта расейскай аўтамабільнай прамысловасці. Масква зменшыла падатак на новыя легкавыя аўтамабілі з 30% да 25%, а на грузавыя і трактары – з 25% да 15%. У бліжэйшыя гады павінны быць зніжаныя таксама падаткі на ўжываныя аўтамабілі, аднак пры гэтым аўто павінны мець не больш за 7 гадоў. Нягледзячы на гэта, цана на імпартаваныя аўтамабілі, якія прадаюцца на рынку Мытнага саюза, не змяншаецца.

Прычына – новыя абмежаванні, уведзеныя Уладзімірам Пуціным, якія прывялі да таго, што ў выпадку некаторых марак аўто цана падскочыла нават у некалькі разоў. Многія беларусы замест таго, каб надалей увозіць легкавыя аўтамабілі з Польшчы ды іншых краінаў Еўропы, вымушаныя ездзіць на “ладах”, якія значна саступаюць у якасці. А, напрыклад, у Казахстане пад ціскам абставінаў насельніцтва адмовілася ад любімых японскіх марак на карысць тавараў расейскай аўтамабільнай прамысловасці. У гэтай краіне продаж аўтамабіляў “made in Russia” павялічыўся амаль у тры разы.

Вялікае мыта і новыя абмежаванні абараняюць расейскіх вытворцаў ад канкурэнцыі з па-за Мытнага саюза. Гэта абсалютна нявыгадна беларусам і казахам, пазбаўленым уласнай аўтамабільнай прамысловасці, якія вымушаныя набываць расейскія аўто. І хоць прыналежнасць да Сусветнай гандлёвай арганізацыі абавязвае да лібералізацыі заканадаўства, Масква знайшла магчымасць абыйсці прынцыпы сусветнай арганізацыі. Была ўведзена “ўтылізацыйная аплата”, якой абкладаюцца толькі імпартаваныя аўтамабілі. Расейскія вытворцы ад гэтай аплаты вызваляюцца, калі забавяжуцца ў будучыні ўтылізаваць аўтамабілі.

Утылізацыйная аплата папоўніла бюджэт кожнага з трох чальцоў Мытнага саюза. Пасля ўвядзення новых правілаў і заканадаўства структура імпарту легкавых аўтамабіляў выглядала наступным чынам: 88% аплатаў пайшло ў бюджэт Расеі, Казахстан атрымаў 7%, Беларусь – 5%.

Насамрэч, утылізацыйная аплата – гэта прыхаваная форма мытнага бар’еру, якая паспяхова ахоўвае расейскую аўтамабільную прамысловасць ад жорсткай сусветнай канкурэнцыі ў цане ды якасці. Стаўка названай аплаты залежыць ад году выпуску аўтамабіля і аб’ему рухавіка. Аплата складае ад 420 да 2700 еўра за новыя легкавыя аўтамабілі і ад 2600 да 17200 за аўтамабілі, якія маюць больш за 3 гады.

Такім чынам, парушаныя прынцыпы Сусветнай гандлёвай арганізацыі, якія забараняюць дыскрымінацыю імпартаваных тавараў. Уся працэдура абскарджвання такога парушэння, разам з апеляцыяй з расейскага боку, можа заняць 3 гады. У выпадку перамогі Еўразвяза, Расеі пагражаюць гандлёвыя санкцыі. Аднак гэта не азначае, што праблема знікне. Замест утылізацыйных аплатаў могуць з’явіцца іншыя бар’еры. І гэта можа працягвацца бясконца або пакуль Расея не зменіць сваёй пазіцыі.

Імпарт ужываных легкавых аўтамабіляў з краінаў, якія не ўваходзяць у Мытны саюз, нягледзячы на зніжэнне падаткаў, стаў нявыгадным.

Беларускае Радыё Рацыя