Няякасная расейская нафта: халатнасць ці дыверсія?
Эканаміст Леў Марголін выказвае здагадкі, чаму на ўчастак магістральнага нафтавода «Гомельтранснафта Дружба» паступіла няякасная расейская нафта.
Нагадаем, 19 красавіка ў «Белнафтахіме» паведамілі, што якасць расейскай экспартнай сумесі Urals, якая паступае транзітам на ўчастак магістральнага нафтавода «Гомельтранснафта Дружба», сапсавалася. Адзначалася, што ўтрыманне хлорарганічных злучэнняў у паліве перавысіла ў дзясяткі разоў гранічныя значэнні па стандарце, з-за чаго выйшла са строю дарагое абсталяванне на Мазырскім НПЗ.
Расейская «Транснафта» пісьмова прызнала факт пастаўкі няякаснай нафты ў Беларусь. У цяперашні час бакі абмяркоўваюць тэхнічныя і кампенсацыйныя пытанні.
Некаторыя выказваюць канспіралагічную версію: маўляў, Расея так зрабіла адмыслова. Ці мае такая версія права на жыццё?
Леў Марголін: Калі тут і адбылося нешта з прыкметамі дыверсіі, то ёсць жа ў краіне спецслужбы, якія павінны не толькі за апазіцыяй сачыць, але і прадухіляць той урон, які наносіцца Беларусі некаторымі іншымі краінамі.
Да таго ж, на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах таксама працуюць адмыслоўцы, якія павінны ўсё прааналізаваць і адкрыта распавесці грамадскасці пра вынікі расследавання. А пакуль што гэтая гісторыя досыць цьмяная, відавочна, мы не ведаем усяго таго, што адбылося на самой справе. Зрэшты, у нас пастаянна ўсё трымаюць у тайне, пакуль няма каманды зверху агучыць пэўныя факты.
РР: Але ці можа быць у гэтай гісторыі палітычны падтэкст?
Леў Марголін: Я не думаю, што расейцы пусцілі няякасную нафту наўмысна. Хутчэй за ўсё, гэта звычайная гаспадарчая халатнасць, якой хапае і ў Расеі, і ў Беларусі.
РР: Якія наступствы будуць для беларускай нафтаперапрацоўчай прамысловасці?
Леў Марголін: Наколькі вядома, на Мазырскім нафтаперапрцоўчым заводзе з-за няякаснай нафты пэўнае абсталяванне ўжо патрабуе рамонту, але ж расейскі бок прызнае віну і абяцае кампенсацыю.
Іншая рэч, што пасля інцыдэнту адбудзецца ў палітычным маштабе. Гэта будзе цалкам залежыць ад таго, як сітуацыяй вырашыць скарыстацца беларуская ўлада.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя