Няякасную нафту з наступнага тыдня пачнуць выціскаць назад з Беларусі ў Расею
Беларусь пачне працэс выціскання няякаснай нафты з трубаправода „Дружба” назад у бок Расеі на наступным тыдні, заявіў журналістам прэм’ер-міністр Сяргей Румас па выніках перамоў са старшынёй урада РФ Дзмітрыем Мядзведзевым 24 траўня ў падмаскоўных Горках.
Ён адзначыў, што намеснікі старшынь урадаў дзвюх краін падпісалі дарожную карту, у якой „урэгуляваныя ўсе крокі па вырашэнні гэтага пытання”.
„Мы чакаем, што літаральна з панядзелка-аўторка пачнецца выцісканне некандыцыйнай нафты ў бок Расійскай Федэрацыі. Такім чынам, вызваліцца пуцеправод у бок Заходняй Еўропы”, — сказаў Румас у эфіры тэлеканала ОНТ.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што абодва бакі зацікаўлены „як мага хутчэй пачаць прапампоўку добрай нафты ў бок Заходняй Еўропы”.
Забруджаная хлорарганікай сыравіна пачала паступаць па трубаправодзе ў красавіку. З-за няякаснай расійскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Неўзабаве транзіт нафты ў Еўропу па трубаправодзе „Дружба” быў спынены цалкам. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку мая.
Перамовы аб кампенсацыі шкоды вядуцца ўжо некалькі тыдняў, бакі ўзгаднілі праект дарожнай карты па ўрэгуляванні сітуацыі з пастаўкамі нафты, а таксама стварылі працоўную групу па ацэнцы шкоды і вызначэнні спосабаў кампенсацыі.
belapan.by