Olvi пачала пошук пакупніка для «Лідскага піва»
Фінскі ўладальнік ААТ «Лідскае піва» група Olvi пачаў пошук пакупнікоў на свой актыў. Яшчэ ў пачатку сакавіка Olvi аб’явіла аб спыненні паставак у РФ і Беларусь, спыненні інвестыцый і выхадзе з мясцовых актываў з-за нападу Расеі на Украіну.
Фота: welcome-belarus
У квартальнай справаздачы кампаніі паведамляецца, што пошук пакупніка для „Лідскага піва” пачаўся. Вынікі працы беларускага завода адлюстроўваюцца ў справаздачы як актывы для продажу.
Olvi валодае 96,4% акцыяў беларускага піўзаводу.
У канцы сакавіка ААТ „Лідскае піва” прыняло рашэнне аб выплаце дывідэндаў за 2021 год. Іх аб’ём складзе 9,579 млн. рублёў. Іх мяркуецца выплаціць у кастрычніку гэтага года.
Згодна з гадавой справаздачай піваварнай кампаніі, у 2021 годзе яна нарасціла выручку на 25,1% да 300,4 млн рублёў. Чысты прыбытак „Лідскага піва” склаў 38,3 млн рублёў. Ён павялічыўся на 42,1 працэнта ў параўнанні з 2020 годам, паведамляе reform.by.