Па картах Mastercard разлікі будуць у кітайскіх юанях



Некаторыя беларускія банкі перайшлі па картах Mastercard на разлікі праз кітайскія юані. Гэта адбылося з-за сітуацыі на рынку і міжбанкаўскіх узаемаадносін. Як доўга будзе доўжыцца гэтая сітуацыя, невядома. БНБ-Банк і Белгазпрамбанк перайшлі на кітайскі юань з еўра, Альфа Банк — з даляра, піша Office Life. 

Як пасля гэтых новаўвядзенняў будуць праводзіцца плацяжы, патлумачыў Альфа Банк. Цяпер, калі вы разлічваецеся за мяжой — да прыкладу, у Італіі — картай беларускага банка, выпушчанай у рублях, працэс будзе такім: валюта аперацыі — напрыклад, еўра — будзе пералічаная ў даляры па курсе Mastercard, далей з даляраў яна пералічыцца ў кітайскія юані па курсе Mastercard, а з юаняў — у валюту карты па курсе банка. Тады і будзе зразумела, колькі рублёў спішуць з вашай карты пасля пакупкі.

Беларуская IT-сфера працягвае імкліва страчваць работнікаў

У першыя два месяцы бягучага года ў беларускім IT працягваецца тэндэнцыя адтоку спецыялістаў, якая назіралася амаль увесь мінулы год. За студзень і люты, паводле афіцыйнай статыстыкі, з кампаній сектара “Інфармацыя і сувязь” звольніліся 3423 чалавекі. Чысты адток кадраў з беларускага IT сёлета — 800+ чалавек у месяц, піша Office Life. Адток кадраў у ІТ-сферы назіраўся і ў ранейшыя гады, але тэндэнцыя кардынальна пагоршылася пасля 24 лютага мінулага года – пачатку вайны ва Украіне.

За ўвесь мінулы год чысты адток спецыялістаў з кампаній сектара “Інфармацыя і сувязь” у Беларусі склаў каля 17 тысячы чалавек.

У Літве знайшлі склад з беларускімі цыгарэтамі на 2 млн еўра

28 сакавіка супрацоўнікі літоўскай мытні знайшлі склад з беларускімі цыгарэтамі ў Лаздзійскім раёне. На складзе знаходзілася 558 тысяч пачкаў цыгарэт Minsk Capital QS. Іх кошт, уключаючы падаткі, ацэньваецца ў 1 мільён 969 тысяч еўра. На складзе затрымалі трох мужчын, распачатае дасудовае расследаванне.

У Беларусі зноў патаннее аўтамабільнае паліва

З 4 красавіка бензін і дызельнае паліва на беларускіх АЗС патаннеюць на 1 капейку – паведамляе “Белнафтахім”. Гэта ўжо пятае зніжэнне цэн на паліва з пачатку года. Цяпер цэны на бензін і дызель на АЗС будуць наступнымі:

АІ-92-К5-Еўра – 2,31 рубля;

АІ-95-К5-Еўра – 2,41 рубля;

АІ-98-К5-Еўра – 2,63 рубля;

дызельнае паліва – 2,41 рубля.

Колькасць фальшывых даляраў у Беларусі за год вырасла на 70%

Нацыянальны банк Беларусі падзяліўся звесткамі аб выяўленых банкаўскімі работнікамі за ўвесь 2022 год падробленых грашовых знаках – іх колькасць узрасла ў асноўным за кошт істотнага росту незаконных копій амерыканскіх банкнот, адзначае Myfin. Паводле звестак Нацбанка, усяго ў Беларусі за мінулы год удалося выявіць 894 падробленых грашовых знака, што на 9% больш, чым у 2021 годзе.

Цікава, што колькасць выяўленых фальшывых даляраў ЗША – самай папулярнай у злачынцаў валюты – у 2022 годзе вырасла на 69% (да 752 штук), прычым банкнот наміналам 100 даляраў стала больш практычна ўдвая. А вось колькасць падробленых расейскіх рублёў скарацілася на 74,1% (да 76 штук, у асноўным наміналам 5 тысяч рублёў), еўра – на 27,5% (да 50 штук, па большай частцы вартасцю 50 і 100 еўра).

Беларускае Радыё Рацыя

Фота © fotolia.com/ Feng Yu