Па просьбе кітайскага боку „БелДжы” змяніў гендырэктара
Змена генеральнага дырэктара на заводзе СЗАТ „БелДжы” па зборцы аўтамабіляў Geely адбылася па просьбе кітайскага боку. Пра гэта 20 сакавіка заявіў на прэс-брыфінгу ў Менску першы намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі.
Пасля сыходу Дзмітрыя Батракова з 5 сакавіка Генадзь Свідзерскі сумяшчае сваю працу ў Мінпраме з пасадай выканаўцы абавязкаў гендырэктара СЗАТ „БелДжы”, піша БелаПАН.
„28 лютага мы правялі нараду з кампаніяй Geely — нашым партнёрам па сумесным прадпрыемстве. Змена кіраўніка адбылася па просьбе кітайскага боку, каб узмацніць працу па пытаннях лакалізацыі, пашырэння наменклатуры мадэляў, стварэння падмурка продажу. Просьба была, каб часова дырэктарам быў я, то бок першы намеснік міністра прамысловасці. Ну, і мне гэтыя пытанні вырашаць лягчэй, чым проста звычайнаму суб’екту гаспадарання. Паколькі гэты праект выпуску легкавых аўтамабіляў для нас нацыянальны, то мы павінны гэту працу актывізаваць і ўзмацніць”, — растлумачыў Свідзерскі.