Па самы высокі заробак трэба ехаць у Астравец
Менск страціў лідарства па заробках. У Мінску сярэдні заробак за травень склаў 864 даляры ў эквіваленце, а пасля выплаты падаткаў – 740—755 даляраў, і гэта не самы высокі заробак у краіне.
Самы высокі цяпер заробак па краіне ў Астраўцы — 955 даляраў “бруднымі” ў эквіваленце, піша сайт banki24.by. Прычым сярэдні заробак у Гарадзенскай вобласці складае 578 даляраў да вылічэння падатку.
Калі па іншых рэгіёнах, то сітуацыя выглядае так: у Менскай вобласці сярэдні заробак у траўні да выплаты падаткаў склаў 652 даляры, у Берасцейскай вобласці 559 даляраў, у Віцебскай – 547 даляраў, у Гомельскай 588 даляраў, у Магілёўскай вобласці самы нізкі заробак — 534 даляры. (nashaniva.com)
“Беларусбанк” распавёў, як цяпер будуць мяняць замежную валюту
“Беларусбанк” расказаў падрабязнасці пра тое, як працуе новаўвядзенне па абмене валют, якое з 1 ліпеня ўвялі 17 банкаў. Банкі дамовіліся прытрымлівацца адзіных правілаў замены банкнот у замежнай валюце, дзеля чаго ўвялі адзіны пералік прыкмет плацёжнасці грашовых знакаў.
З цікавага адзначым тое, што банкноты ў замежнай валюце, сапраўднасць якіх выклікае сумнеў або якія маюць відавочныя прыкметы падробкі, кліенту банка не вернуць. Яны забіраюцца. У “Беларусбанку” дадаюць, што купюру не прымуць для абмену, калі на ёй ёсць малюнкі, абразлівыя і нецэнзурныя надпісы, а таксама канкрэтныя словы — хабар, выкуп, рэкет, злодзей.
Таксама банкі не прымуць грашовых знакаў з вытворчым бракам. Не атрымаецца замяніць таксама разарваныя або разрэзаныя на часткі банкноты, у тым ліку злепленыя празрыстым скотчам. (news.zerkalo.io)
Беларускі ўрад “возьмецца” за стварэнне самалётаў
Пра сумесны беларуска-расейскі праект па вытворчасці двухматорнага лёгкага шматмэтавага самалёта заявіў беларускі прэм’ер Раман Галоўчанка падчас візіту ў Екацярынбург. Ён нагадаў, што дагэтуль Беларусь яшчэ не выпускала самалёты, а працуе над вырабам камплектуючых для расійскай авіяцыі: ваеннай і грамадзянскай. Цяпер жа падпісаная праграма супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў авіябудаўніцтве.
“Вырашылі пашырыць гарызонты”, – адзначыў Галоўчанка. На пытанне, калі будзе рэалізаваны праект, чыноўнік адказаў: “Праз чатыры, мабыць… на пяты год то дакладна расейска-беларускі першы самалёт узляціць у неба саюзнай дзяржавы”. Фінансы і тэхналогіі прадаставіць Расія.
У Шчорсах за бесцань прадаюць частку былога маёнтка Храптовічаў
У вёсцы Шчорсы ў Наваградскім раёне плануюць прадаць будынак былой вяндлярні ў сядзібе Храптовічаў 18 ст. Цана аб’екта — 37 рублёў, паведамляе Hrodna.life. Аўкцыён адбудзецца 7 жніўня.
Пабудова ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і знаходзіцца на балансе Наваградскага райвыканкама. Паводле ўмоў аўкцыёну, новы ўладальнік павінен распрацаваць і зацвердзіць праект рэканструкцыі не пазней чым праз два гады з моманту заключэння дамовы. Рамонт трэба правесці не пазней чым праз тры гады ад заключэння дамовы. Пад што можна перарабіць былую вяндлярню, ва ўмовах аўкцыёну не паведамілі.
Раней будынак былой вяндлярні ўжо выстаўлялі на продаж, апошняя спроба была ў лютым бягучага года. Тады за аб’ект хацелі 9950 рублёў, але будынак ніхто не набыў. Цяпер цану знізілі да адной базавай велічыні.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ostrovets.by