Па выніках 2021 года фінансавае становішча прамысловых прадпрыемстваў пагоршыцца
Па выніках 2021 года фінансавае становішча прамысловых прадпрыемстваў пагоршыцца. Такое меркаванне выказаў БелаПАН выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук, каментуючы апошнія звесткі статыстыкі.
Як паведамлялася, па выніках двух месяцаў у прамысловасці на 9% знізілася колькасць стратных прадпрыемстваў, атрыманы чысты прыбытак у 814,8 млн рублёў супраць леташніх страт у 1,3 млрд рублёў, крыху знізіліся складскія запасы.
Як адзначыў Раманчук, „нядрэнныя фінансавыя вынікі” першых двух месяцаў звязаныя з нізкай леташняй базай, калі былі праблемы з пастаўкамі расейскай нафты і адпаведна з экспартам нафтапрадуктаў.
„Першыя месяцы не з’яўляюцца паказчыкамі стану прамысловасці ў цэлым. Мы толькі бачым паляпшэнне паказчыкаў нафтахімічнага сектара, пачаўся попыт на нафтапрадукты, і атрымаўся рост валавых прамысловых паказчыкаў і фінансавых таксама. Калі ж паглядзець на стан разлікаў, то тут паляпшэння ніякага няма: растуць крэдыторская і дэбіторская запазычанасці, даўгі па крэдытах (на 25%), у тым ліку пратэрмінаваныя. У цэлым сумарная запазычанасць вырасла да 90,6 млрд рублёў, у тым ліку пратэрмінаваная да 5,2 млрд. Гэта паказвае, адкуль узяліся грошы, каб раскруціць прамысловасць”, — заўважыў эксперт.
„На самой справе мы бачым нізкую базу 2020 года, рост попыту на спецыфічныя тавары нафтахімічнай галіны. Але ў цэлым па краіне 29,8% выручкі ішлі на пагашэнне крэдытаў, у прамысловасці гэты паказчык склаў 40%. Гэта сітуацыя, калі банкі накінулі на прамысловасць фінансавую пятлю і выціскаюць з яе ўсе сокі. Ледзь-ледзь прамысловасць запрацавала, але і тое не ўсе сектары. Аднак запасаў не хопіць, каб вярнуць прамысловасць да стану нармальнай камерцыйнай дзейнасці”, — лічыць Раманчук.
Ён упэўнены, што пасля завяршэння першага квартала росту да канца года прамысловасць „сыдзе ў мінус”. „Таму што іншых крыніц для росту няма. Пакуль Нацбанк лішніх грошай не друкуе, але ён не зможа доўга пратрымацца з-за лабіявання міністэрствамі і канцэрнамі сваіх ведамасных інтарэсаў. Для стымулявання прамысловага росту не засталося іншага шляху, як дэвальваваць рубель. Тое, што мы бачым гэтыя два-тры месяцы, гэта выцісканне сокаў з таго, што ёсць, але не развіццё”, — сказаў выканаўчы дырэктар.
Пры гэтым ён заўважыў, што ў цэлым у эканоміцы „гучаць трывожныя званочкі”. Так, за апошнія тры гады рэальныя даходы насельніцтва раслі з хуткасцю 7—7,6%, у гэтым годзе — 3,3%, заробак — аналагічна. „А прадукцыйнасць працы па-ранейшаму адстае ад росту заробкаў і даходаў. У гэтым квартале выцягнулі будаўніцтва, паколькі туды пайшлі грошы, але інвестыцыі ў асноўны капітал праваліліся больш чым на 12%. І рознічны тавараабарот упаў. Гэта кажа аб тым, што людзі сталі менш купляць. Выснова — з адной кішэні пераклалі ў іншую, зрабілі ілюзію, што ўсё нармальна. Але на самай справе ўсё вельмі праблематычна і трагічна”, — падсумаваў эксперт.