Па выніках года Нацбанк чакае інфляцыю ў 6—7%
У 2017 годзе інфляцыя ў Беларусі можа скласці 6—7%, паведаміў журналістам 19 верасня намеснік старшыня праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц. Такі прагноз, паводле яго слоў, заснаваны на дынаміцы інфляцыі ў гэтым годзе.
Адказваючы на пытанне, ці стане Нацбанк у сувязі з запавольваннем інфляцыйных працэсаў зніжаць стаўку рэфінансавання, Сяргей Калечыц звярнуў увагу на тое, што сітуацыя на фінансавым рынку застаецца стабільнай. „Магчымасці для разгляду пытання аб далейшым зніжэнні стаўкі рэфінансавання існуюць. Пры гэтым мы зрабілі ўжо дастаткова шмат крокаў у гэтым кірунку. Відаць, калі мы і будзем весці размову аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання, крокі ў гэтым кірунку будуць больш асцярожнымі”, — дадаў ён.
Варта зазначыць, што сёлета Нацбанк ужо сем разоў зніжаў стаўку рэфінансавання — у апошні раз яна была зніжаная 13 верасня з 12% да 11,5%. Як тлумачаць аналітыкі, інфляцыя дазваляе Нацбанку працягваць зніжаць у 2017 годзе стаўку рэфінансавання.
„Нашы ацэнкі паказваюць, што ў найбліжэйшыя месяцы інфляцыя ў Беларусі будзе вагацца каля адзнакі 6% (у гадавым выражэнні), а сярэдні рост цэн па выніках 2017 года складзе 6,5%”, — адзначалі спецыялісты расійскага „Ашчадбанка” ў жніўні, аналізуючы у рамках эканамічнага агляду сітуацыю ў Беларусі.
Сітуацыя, якая складваецца на спажывецкім рынку, стварае ўмовы для далейшага зніжэння працэнтных ставак, лічаць эксперты. „Пры афіцыйнай мэце Нацыянальнага банка не больш за 9% у снежні 2017 года дынаміка інфляцыі дазваляе рэгулятару агрэсіўна зніжаць ўзровень ставак у эканоміцы”, — лічаць аналітыкі „Ашчадбанка”.
Раней беларускія ўлады ў межах падрыхтоўкі афіцыйных прагнозаў выказалі здагадку, што запаволенне інфляцыі дазволіць знізіць стаўку рэфінансавання да 7% у 2020 годзе. БелаПАН