Пачалі працу тры новыя пункты абслугоўвання кліентаў Beltoll



Тры новых пункта абслугоўвання кліентаў нацыянальнай электроннай сістэмы збору платы за праезд па аўтадарогах Беларусі BelToll адкрыліся з 1 лістапада.

Пра гэта паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Лявончык.

Адзін з пунктаў абслугоўвання размешчаны ў Менскай вобласці – на аўтазаправачнай станцыі „РН-Захад” №8, 45-й кіламетр трасы Р28 (Маладзечанскі раён). Яшчэ два пункты – у Гарадзенскай вобласці: на аўтазапраўках „Беларуснафта” №74 і №76 на 159-м і 123-м км трасы М6/Е28 (Лідскі і Іўеўскі раёны). Усе пункты працуюць у кругласутачным рэжыме і аказваюць карыстальнікам поўны пералік паслуг.

Сяргей Лявончык таксама праінфармаваў аб планах па пашырэнні сеткі платных дарог. „З 1 снежня гэтага года плануецца ўвесці некалькі новых участкаў платных аўтадарог. У цяперашні час адпаведныя нарматыўныя дакументы ў працэсе падрыхтоўкі, яны праходзяць ўзгадненне з зацікаўленымі дзяржорганамі”, – сказаў ён. У нацыянальную сістэму электроннага збору платы за праезд па платных дарогах BelToll плануецца ўключыць яшчэ 113 км беларускіх дарог, пасля чаго выніковая працягласць сеткі платных дарог у рэспубліцы складзе 1726 км.

zviazda.by