Пачалі разбураць аршанскі піўзавод
Аршанскі піўзавод, які збанкрутаваў яшчэ ў 2006 годзе, пачалі разбураць.
Доўгі час у горадзе на Дняпры людзі спадзяваліся на аднаўленне прадпрыемства і паляпшэнне, у сувязі з гэтым, сітуацыі на рынку працы, бо Аршаншчына самы дэпрэсіўны рэгіён па беспрацоўі нават паводле афіцыйнай статыстыкі.
Аднак аднаўляць піўзавод ніхто не стаў, і новых працоўных месцаў не з’явілася. Цяпер Аршанскі піўзавод пачалі руйнаваць, распавядае наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч:
– Увечары 26-га траўня на тэрыторыі колішняга Аршанскага піўзавода працавала спецтэхніка. Большасць цэхаў піўзавода ўжо 11 гадоў стаялі без справы. Як удалося высветліць, тэрыторыя піўзавода ўжо некалькі гадоў належыць аднаму прадпрымальніку, верагодна ён і пачаў работы па ліквідацыі старых збудаванняў. На вачах аршанцаў руйнуюцца ўнікальныя будынкі. Сам піўзавод быў заснаваны яшчэ ў XIX ст. Пакуль ніхто не кранаў самы першы будынак аршанскага бровара, з якога пачыналася развіццё завода.
Аршанскі піўзавод быў адным з найбольш знакамітых бровараў Беларусі, быў заснаваны яшчэ ў 1883 годзе. У 2006 годзе завод збанкрутаваў, і сотні людзей апынуліся без працы.
Пэўны час у Воршы спадзяваліся, што піўзавод будзе адноўлены.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша
Фота аўтара