Пад абмежаваннямі Рассельгаснагляду – 54 беларускія прадпрыемствы
Пад абмежаваннямі Рассельгаснагляду – поўнасцю або часткова – зараз знаходзяцца 54 беларускія прадпрыемствы, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў на прэс-канферэнцыі ў панядзелак у Менску.
„Зараз у цэлым па рэспубліцы пад абмежаваннямі, цалкам ці часткова, знаходзяцца 54 прадпрыемствы, як прыватнай формы ўласнасці, так і дзяржаўныя”, – праінфармаваў А.Багданаў. Ён удакладніў, што ў асноўным гэта невялікія прадпрыемствы.
Ён адзначыў, што дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду ў штодзённым рэжыме вядзе робату з Рассельгаснаглядам па ліквідацыі выказаных заўваг. „Пры гэтым часта яны бываюць несправядлівымі”, – лічыць прадстаўнік Мінсельгасхарча Беларусі. „Да прыкладу, як можна закрыць прадпрыемства з-за памылкі ў транспартнай накладной?” – заўважыў ён.
„Мы актыўна працуем зараз над тым, каб зняць часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расейскую Федэрацыю птушкафабрык, цалкам адкрыць малочныя прадпрыемствы, якія знаходзяцца пад частковымі абмежаваннямі. Таксама стараемся разабрацца з рыбнымі прадпрыемствамі”, – дадаў А.Багданаў.
Прадстаўнік Мінсельгасхарча паведаміў, што нядаўна Рассельгаснаглядам была праведзена інспекцыя раслінаводчых прадпрыемстваў Беларусі. „Заўваг па ходзе правядзення інспекцыі не ўзнікала. Але мы чакаем ад расейскага боку афіцыйнай справаздачы”, – дадаў ён.