Пад новыя санкцыі Еўразвязу могуць патрапіць беларускія тытунь, нафта і калій
У шосты пакет санкцыяў Еўразвязу супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які можа быць апублікаваны ўжо на гэтым тыдні, вялікі ўдар наносіцца па тытунёвай, калійнай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці.
Пра гэта паведамляе са спасылкай на свае звесткі «Наша Ніва». Так, у спісе будуць фабрыка «Інтэр-Табака», якая належыць лукашэнкаўскаму дзялку Аляксею Алексіну, і гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман».
Санкцыі за вайну ва Украіне накладуць на «Нафтан», Беларускую калійную кампанію, «Белкалій» і яшчэ некалькі прадпрыемстваў.
Раней пад абмежаваннямі была толькі частка іх прадукцыі. З фізічных асобаў у спіс трапяць двое сыноў Алексіна, на якіх той імкнецца перапісаць частку актываў.
Таксама туды патрапіць адзін з сербскіх братоў Карычаў, якія на льготных умовах забудоўваюць Менск. Таксама пад санкцыі трапяць кіраўнік «Беларуськалія» Іван Галаваты, Ігар Тур, Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак.
Беларускае Радыё Рацыя