Падаражэлі ацяпленне і электрычнасць, абновяць Працоўны кодэкс



У Беларусі з 1 чэрвеня павысілі субсідаваныя тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады і некаторыя іншыя жыллёва-камунальныя паслугі. Выраслі таксама некаторыя тарыфы на электрычнасць. Пацяжэлыя жыроўкі ў гэтым месяцы таксама атрымаюць тыя, каго чыноўнікі аднеслі да «дармаедаў» (для іх з мая паднялі тарыфы на ацяпленне і газ), распавядае TUT.BY.

У канцы чэрвеня запрацуе абноўлены Працоўны кодэкс: няўгодных работнікаў звальняць стане прасцей. Акрамя таго, у чэрвені паднялі кошты на асобныя маркі цыгарэт. А бюджэтнікам трэба падрыхтавацца да зменаў у заробках, якія ўвядуць з ліпеня, але ўжо цяпер на месцах спрабуюць «не дапусціць напружанасці ў калектывах» і запэўніваюць работнікаў, што праз новаўвядзенні не будзе зніжэння выплат.

Як змяніліся тарыфы за жыллёва-камунальныя паслугі

Субсідаваныя тарыфы на цеплазабеспячэнне — ацяпленне і падагрэў вады — павысілі з 1 чэрвеня. Яны павялічыліся з 20,6216 рубля да 21,9245 рубля за 1 Гкал. Рост — на 6,3%.

Да прыкладу, у двухпакаёвай кватэры ў Мінску на 50 «квадратаў» за ацяпленне (спажыты аб’ём 1,0163 Гкал) паводле новага тарыфу трэба будзе заплаціць 22,28 рубля, а паводле старога тарыфу выйшла б на 1,32 рубля менш. Для параўнання: калі ў гэтай кватэры ніхто не зарэгістраваны, то разлік будзе паводле эканамічна абгрунтаванага тарыфу (107,31 рубля за 1 Гкал, яго падвышалі з 1 студзеня), да аплаты будзе 109,06 рубля.

На тэхнічнае абслугоўванне тарыф з 1 чэрвеня складае 0,1238 рубля за 1 квадратны метр (быў раней — 0,1322 рубля). Льготны тарыф прымяняецца пры ўмове, што ў кватэры ёсць зарэгістраваныя.

З чэрвеня ў некаторых жыроўках можа з’явіцца такі радок, як «кіраванне агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання». Тарыф — 0,0165 за адзін квадратны метр. Гэта плата за паслугу па кіраванні агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання, якая павінна штомесяц ўносіцца плацельшчыкамі жыллёва-камунальныя паслугі сумеснага домаўладання.

У чэрвені атрымаюць пацяжэлыя жыроўкі тыя, каго ўключылі ў базу незанятых у эканоміцы і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё. Нагадаем, з 1 мая з гэтых людзей пачалі спаганяць плату па эканамічна абгрунтаваным тарыфах за газазабеспячэнне і ацяпленне.

Падаражэла электрычнасць

З 1 чэрвеня павысілі некаторыя тарыфы на электраэнергію. Гаворка пра тарыфы для абагравання жылля электрычнасцю — як прыватных дамоў, так і кватэр у шматкватэрных жылых дамах. Да прыкладу, тарыф, які ў народзе называюць «тры капейкі», вырас з 1 чэрвеня да 0,0398 рубля 1 кВт·г (быў — 0,0374 рубля). Гэты варыянт для тых, хто хоча абаграваць жыллё электрычнасцю, — усталяваць дадатковы, спецыяльны лічыльнік, які цяпер лічыць выдаткаваную электраэнергію на ацяпленне па гэтым тарыфе. Гэта значыць па факце ён ператворыцца ў «чатыры капейкі».

Запрацуе абноўлены Працоўны кодэкс

З 30 чэрвеня запрацуе абноўлены Працоўны кодэкс. Да прыкладу, яго дапоўняць новай падставай для звальнення — адсутнасць на працы з-за адбыцця адміністрацыйнага арышту. Пазбавіцца працы можна будзе таксама за «зліў» інфармацыі пра арганізацыю. Чыноўнікі таксама ўводзяць новаўвядзенні па забастоўках. Да прыкладу, звольніць страйкоўцаў работніка змогуць без папярэдняга паведамлення або згоды прафзвязу. Пры гэтым анансаваныя раней новаўвядзенні ў працоўнае заканадаўства, якія сапраўды могуць палепшыць становішча работнікаў (да прыкладу, ўрэгуляваць пытанні пераводу работнікаў на «удаленку»), да гэтага часу не ўвялі.

Змяніліся цэны на некаторыя цыгарэты

З 1 чэрвеня падаражэлі некаторыя цыгарэты, а асобныя патаннелі. Да прыкладу, цыгарэты Kent Feel Vibe Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» патаннелі на 20 капеек (да 3,5 рубля), а Vogue Menthe падаражэлі да 4,3 рубля (+10 капеек). У продажы з’явіліся Kent Crystal Duo (3,75 рубля).

Паглядзець увесь спіс цыгарэт і як на іх змяніліся кошты з 1 чэрвеня, можна па спасылцы на сайце МПЗ.

Паспець заплаціць падаходны падатак

Беларусам, якія ў 2020 годзе атрымалі даходы, што падлягаюць дэклараванню і па якім налічылі падаходны падатак, трэба заплаціць яго да 1 чэрвеня (уключна).

Пратэрміноўка па выплаце падатку, калі памер нявыплаты перавышае адну базавую, цягне за сабой штраф у памеры 15% ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш 0,5 базавай (14,5 рубля).

Лёс цэн на малако, мяса і яйкі

29 чэрвеня заканчваецца цэнавае рэгуляванне на 18 груп сацыяльна значных тавараў, у тым ліку малака, мяса, яек (поўны спіс можна паглядзець па спасылцы).

Бюджэтнікаў рыхтуюць да заробкавых новаўвядзенняў

З 1 ліпеня для бюджэтнікаў увядуць чарговыя змены па заробках. Яны датычацца сярод іншага прэмій і надбавак работнікам. Цяпер чыноўнікі, прафсаюзы тлумачаць бюджэтным арганізацыям, як будзе працаваць новая схема аплаты працы, пры гэтым каб «не дапусціць і папярэдзіць сацыяльную напружанасць у калектыве» і выключыць выпадкі зніжэння заробкаў. Нагадаем, папярэднія істотныя змены ў заробках бюджэтнікаў, якія ўвялі з 2020 года, суправаджаліся шматлікімі памылкамі ў налічэнні і выплаце заробкаў бюджэтнікам, скаргамі бюджэтнікаў, калектыўнымі зваротамі.

Паводле TUT.BY, пераклад НЧ