Падатак з працэнтаў па дэпазітах улічаць пры аплаце падатку на «дармаедства»



Падаходны падатак з працэнтаў па некаторых відах банкаўскіх укладаў, які будзе спаганяцца з 1 красавіка 2016 года, будзе ўлічвацца пры выплаце збору на фінансаванне дзяржрасходаў, прадугледжанага дэкрэтам „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”— паведаміла прэс-служба Міністэрства па падатках і зборах Беларусі.

„Пяты пункт дэкрэта прадугледжвае тыя віды дзейнасці, пры якіх лічыцца, што грамадзянін удзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Гэта значыць, размяшчэнне ўкладаў у банку не адносіцца да такіх відаў дзейнасці. Таму грамадзянін, які не працуе, але пры гэтым размяшчае грошы на ўклады, усё роўна прызнаецца плацельшчыкам збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў”, — растлумачылі ў прэс-службе. Разам з тым дэкрэт вызваляе грамадзян ад выплаты збору, калі яны мелі даходы і заплацілі падаткі, напрыклад, падаходны падатак з фізічных асоб, у памеры 20 БВ і больш (адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання).

Пры выплаце падаткаў у памеры менш за 20 БВ сума збору змяншаецца на сумы выплачаных падаткаў.

«Таму падатак, які ў наступным годзе будуць плаціць нашы грамадзяне з даходаў у выглядзе працэнтаў па дэпазітах, будзе ўлічвацца пры разліку сумы збору», — сказалі ў міністэрстве па падатках і зборах.

Дэкрэт № 3 ад 2 красавіка 2015 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» прадугледжвае абавязак штогадовай выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў для грамадзянаў, якія ў каляндарным годзе не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 дні ў годзе. З 1 красавіка 2016 года працэнтны даход з укладаў (дэпазітаў) на тэрмін меншы за 1 год — у беларускіх рублях, і меншы за 2 гады — у замежнай валюце будзе абкладацца падаходным падаткам. Гэта прадугледжана дэкрэтам ад 11 лістапада 2015 года нумар 7 „Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)”. Дакумент уступіў у сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне толькі на новазаключаемыя дагаворы банкаўскага ўкладу (дэпазіту). Падаходны падатак будзе спаганяцца толькі з працэнтных даходаў, а не з усёй сумы ўкладу, і толькі ў тым выпадку, калі працэнтная стаўка, па якой атрыманы даход, перавышае памер дзеючай у банку працэнтнай стаўкі па ўкладзе да запатрабавання. У выпадку неабходнасці выплаты падаходнага падатку з атрыманых працэнтных даходаў ніякіх дадатковых дзеянняў з боку ўкладчыка не спатрэбіцца — банк сам разлічыць суму падатку і пералічыць яе ў дзяржаўны бюджэт.

БЕЛТА