Падаткавікі складаюць „чорныя спісы” беспрацоўных беларусаў
Падатковыя органы Менска пачалі рэалізацыю мер, прадугледжаных дэкрэтам № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага дармаедства”. Пра гэта паведаміў 14 мая на прэс-канферэнцыі начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Уладзімір Лайкоў.
„Аналізуецца фінансавы стан грамадзян, патрабуюцца ва ўстаноўленым парадку дэкларацыі аб даходах і маёмасці. Грамадзяне, якія не бяруць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў у 2015 годзе, будуць абавязаныя да 15 лістапада 2016 года ўнесці ў даход бюджэту 3 мільёны 600 тысяч рублёў”, — зазначыў Лайкоў.
Намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Менску Галіна Гурыновіч паведаміла, што зараз вызначаецца парадак узаемадзеяння дзяржаўных органаў, якія непасрэдна будуць браць удзел у складанні спісаў гэтак званых сацыяльных утрыманцаў. Гэтыя спісы будуць прадастаўлены ў падатковыя інспекцыі да 1 ліпеня 2016 года.
Паводле слоў Гурыновіч, падатковыя органы са свайго боку выкарыстоўваюць спецыяльную аўтаматызаваную сістэму, па якой можна атрымаць інфармацыю аб даходах ці расходах любога грамадзяніна. „І на падставе гэтага будзе бачна, працуе ён ці не працуе, і якія дарагія набыткі ў яго ёсць. Вядома, у такіх грамадзян мы, перш за ўсё, запатрабуем дэкларацыі”, — растлумачыла намеснік начальніка інспекцыі МПЗ па Менску.
Нагадаем, дэкрэт быў падпісаны 2 красавіка. Згодна з ім, грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне і грамадзяне без грамадзянства, якія жывуць у рэспубліцы і не бяруць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў ці бяруць удзел у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў год, павінны выплачваць збор у памеры 20 базавых велічыняў (сёння гэта 3 мільёны 600 тысяч рублёў).
Паводле БелаПАН