Падрабязнасці адносна падатку VAT і дакументаў TAX FREE
Тэма вяртання падатку VAT і афармлення дакументаў TAX FREE выклікала шмат пытанняў у слухачоў Беларускага Радыё Рацыя. У час дзяжурства нашага эканамічнага эксперта Дарыюша Данілюка да яго звярнуліся шматлікія людзі. Ніжэй прыводзім найбольш тыповыя пытанні і адказы на іх нашага эксперта.
ПЫТАННЕ №1. Ці грамадзянін Польшчы можа вывозіць тавар паводле дакументаў TAX FREE праз польска-беларускую мяжу?
Адказ: Згодна з дзейснымі пастановамі, зацверджанымі ў законе ад 11 сакавіка 2004 году аб падатках на тавары і паслугі (Паст. №54, п. 535 з пазн.зм.), права на вяртанне падатку на тавары і паслугі, які быў аплачаны ў час набыцця тавараў у Польшчы, маюць выключна падарожнікі, якія з’яўляюцца фізічнымі асобамі і не маюць пастаяннага месца пражывання на тэрыторыі Еўразвяза. Таму вярнуць падатак могуць выключна тыя асобы, якія пастання пражываюць у трэціх краінах.
ВАЖНАЕ: Грамадзянін Польшчы можа вывозіць тавар на падставе дакументаў TAX FREE праз польскую мяжу, калі ў пашпарце на адпаведнай старонцы будзе адмысловая дзяржаўная пазнака пра тое, што ён пастаянна пражывае па-за межамі Рэспублікі Польшча. Праўда, гэта выкліча дадатковыя дзеянні з боку польскіх мытнікаў, час праходжання мытнага агляду павялічыцца, бо інфармацыя будзе правярацца.
ПЫТАННЕ №2. Я набыў мэблю. Тавар цяжкі, а паводле беларускіх законаў, я не магу зашмат перавезці праз мяжу. Частку набытага я пакінуў у знаёмага ў Польшчы, але ў мяне сканчаецца віза і я не паспяваю забраць усё, што пакінуў. Не ведаю, калі вярнуся. Колькі часу мой тавар можа знаходзіцца ў Польшчы, каб была магчымасць яго вывезці паводле дакументаў TAX FREE?
Адказ: Вяртанне падатку можа ажыццяўляцца, калі падарожны вывозіць набытыя тавары ў сваім асабістым багажы ў непарушаным стане, па-за межы ЕЗ, не пазней, чым у апошні дзень трэцяга месяца ад часу пакупкі, а мытная служба пацвердзіла вываз тавару на дакуменце, які аформіў прадавец. Гэта значыць толькі на працягу трох месяцаў ад дня пакупкі, і ніводнага дня больш. Мытнікі абавязкова правераць тэрміны.
ПЫТАННЕ №3. Я набыў тавар у Літве і хачу яго ўвезці да сябе ў Беларусь праз памежны пераход К., але прадавец не выдаў мне дакумент TAX FREE, а толькі нейкі рахунак-фактуру. Што зрабіць, каб вярнуць падатак? Якія дадатковыя дакументы мне трэба мець з сабой, каб не было праблемаў на польска-беларускай мяжы? Ці я магу ўвогуле вывезці набыты тавар праз іншую мяжу, а не літоўска-беларускую?
Адказ: Кожная краіна ЕЗ мае ўласныя бланкі для афармлення TAX FREE. У Чэхіі, Нямеччыне, Літве, Польшчы і г.д. яны іншыя. Таму не патрэбна ніякіх дадатковых дакументаў для вяртання падатку. Вярнуць падатак VAT можна толькі на падставе акрэсленага ўзору. Фактуры таксама прымаюцца і на іх ставіцца адпаведная пячатка мытні. Польскія мытныя службы не павінны пацвярджаць вываз тавару па-за межы Еўрасаюзу. У выпадку, калі тавар вывозіцца па-за межы ЕС, праз мяжу паміж трэцяй краінай у краіне ЕЗ (але не Польшчы), пацверджанне вывазу тавару павінна выканаць мытная служба краіны Еўрасаюзу, праз якую тавар і будзе вывозіцца па-за межы ЕС. Не мае пры гэтым значэння, праз якую мяжу мы будзем ехаць.
ПЫТАННЕ №4. Некалі ў польскай краме ў Варшаве я набыў фатаграфічны апарат Canon за 1500 злотых. У якасці пацверджання ажыццяўлення пакупкі прадавец выдаў мне касавы чэк і сказаў, што гэтага будзе дастаткова на мяжы. Чарга на афармленне падатку VAT была вялікай. Некалькі гадзінаў я без сэнсу прастаяў у Кузніцы, бо мытныя службы адмовіліся аформіць мне дакументы. Я згубіў час ды яшчэ і спазніўся на працу. Я тлумачыў, што чэк мае звесткі пра тавар і падатак, таму дастаткова паставіць пячатку мытных службаў, каб у Варшаве без праблемаў вярнуць падатак VAT. Але я нічога не дамогся.
Адказ: Фіскальны чэк, які вы атрымалі ў Варшаве, не з’яўляецца адпаведным дакументам для вяртання падатку VAT, і ніводзін мытнік не паставіць на гэты чэк адпаведную пячатку. Але не таму, што ён не хоча, але таму, што не можа гэтага дакументу ані ўнесці ў кампутар, ані надаць гэтаму дакументу адпаведны нумар. Прадавец або проста не валодаў дастатковай інфармацыяй, або падмануў вас як свайго пакупніка.
ПЫТАННЕ №5. Я набыў новыя шыны для асабовага аўтамабіля на суму 160 злотых. Мытнікі не хацелі аформіць дакументы TAX FREE, бо сказалі, што гэта недастатковая сума. Ці гэта сапраўды так?
Адказ: Падарожны можа патрабаваць вяртання аплочанага падатку на набыты тавар, калі агульны кошт тавараў разам з падаткам VAT (які пазначаны ў асабовым дакуменце, выдадзеным адным прадаўцом) складае мінімум 200 злотых – адпаведна пастанове міністра фінансаў ад 28 сакавіка 2011 года адносна мінімальнага агульнага кошту пакупак, пры якім падарожны мае права вяртаць падатак на тавары і паслугі (Паст. №68, п.362).
Беларускае Радыё Рацыя