Падвойны ўдар па беларускіх прадпрымальніках



Акрамя ўказа №222 ад кіраўніка Беларусі, у Расеі падрыхтаваны праект закона, які канчаткова зробіць немажлівай працу беларускіх ІПэшнікаў. Камэнтуе намеснік старшыні руху “Салідарнасць” Алесь Макаеў:

– Пуцін даўно ўнёс у Дзярждуму праект закона, пад які трапляюць беларускія прадпрымальнікі, аб забароне набываць тавары лёгкай прамысловасці за наяўны разлік. Застаецца толькі безнаяўны. Зразумела, што дробныя партыі тавараў, якія і зараз праблемна набываць прадпрымальнікам, стануць амаль немагчымымі. І гэта пры тым, што Пуцін зараз збіраецца скасаваць падаткі дробным прадпрымальнікам у Расеі.

Такім чынам, Расея дапамагае беларускім уладам ліквідаваць малы бізнэс, – лічыць прадпрымальнік з Зэльвы, прадстаўнік руху “Салідарнасьць” Віктар Ламека.

– Прадпрымальнікі і так ўжо не могуць увозіць у Беларусь тавар дробнымі партыямі, з-за адсутнасці неабходных дакументаў. А пры ўмове, што Расея ўвядзе пакупкі дробных партый толькі па безнаяўным разліку, то створыць цалкам невыносныя ўмовы. Магчыма, з Расейскай Федэрацыі ёсць нейкія нябачныя павевы, якія аказваюць уплыў на разуменне гэтых праблем па знішчэнні дробнага бізнэса ў Беларусі.

Нагадаю, што наступная акцыя прадпрымальнікаў у Менску пройдзе 28 лютага на Кастрычніцкай плошчы, пачатак а 15-ай гадзіне па менскім часе. Акром таго, на 14 сакавіка ў беларускай сталіцы запланаваны Марш прадпрымальнікаў. Шэсце мусіць прайсці ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў. Пачатак а 13-й гадзіне.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя