Падвышэнне цэн на ЖКГ – гэта празрысты працэс
Такі адказ на зварот за некалькімі сотнямі подпісаў грамадзян адразу ад трох структур атрымала старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет” Людміла Дзенісенка. Першапачаткова ліст быў накіраваны да беларускага прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова. Аднак чыноўнік палічыў, што пытанне цэн на ЖКГ – гэта не яго кампетэнцыя, і перанакіраваў зварот далей па інстанцыям.
Кажа Людміла Дзенісенка:
– Усе міністэрствы адхрысціліся, заявілі, што ў нас усё празрыста, добра. А датычна ўвядзенне прагрэсіўнага падатку яны сказалі, што гэта невыгадна на дадзены момант, бізнес пойдзе ў цень. Таму мы будзем працягваць якраз гэтую праграму і працягнем збор подпісаў, бо тыя адказы, што прыйшлі, нас адназначна не задавальняюць.
Актывісты ў сваім лісце задавалі пытанні адносна таго, чаму кожны месяц даражэюць паслугі ЖКГ, чаму няма прагрэсіўнага падатку і чаму няма празрыстасці ў падліку плацёжак за камунальныя паслугі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце