Падзенне цэнаў на нафту адбіваецца на беларускай гаспадарцы (абноўлена)



Менавіта грошы з перапрацоўкі і продажу расейскай нафты былі значным укладам у падтрымку састарэлай эканамічнай мадэлі, якую 21 год падтрымлівае Аляксандр Лукашэнка.

нафта

Гэта мільярды даляраў, адзначыў у нашым эфіры эканаміст, віцэ-старшыня CASE Belarus Алесь Аляхновіч.

Заўсёды былі больш ці менш легальныя спосабы кантрабанды беларускіх тавараў у Расію ці расейскіх тавараў у Беларусь. Потым, з 2000 года, Беларусь пачала карыстацца таннымі энергетычнымі прадуктамі: газам, сырой нафтай і нафтапрадуктамі з Расеі. Да 2007 года Беларусь рээкспартавала танную расійскую на Захад і не плаціла мыта ў расейскі бюджэт. Ад 2007 года Расея ўвяла спачатку частковае мыта на імпарт сырой нафты, а з 2011 г. гэта ўжо стоадсоткавае мыта на рээкспарт нафтапрадуктаў з Беларусі на Захад. І толькі нядаўна, у 2015 годзе Расія пагадзілася, каб частка гэтага мыта, каля 1,5 мільярда даляраў, заставалася ў Беларусі. Ёсць розныя перыяды, калі расейскія субсідыі былі большымі ці меншымі, але ў сярэднім гэтыя субсідыі вагаюцца на лічбе каля 15 % валавага ўнутранага прадукту Беларусі. Для параўнання, гэта шматкротнасць таго, што атрымліваюць нашы еўрапейскія суседзі, Польшча, Літва, Латвія, ад Еўразвязу. Розніца паміж цаной, якую плаціць Беларусь і цаной за газ, якую плацяць краіны Еўразвязу ды іншыя беларускія суседзі, напрыклад Украіна, паменшылася. А з іншага боку, цэны на нафтапрадукты, якія Беларусь рээкспартуе на Захад, таксама паменшыліся. То бок энергетычны бонус і на газе і на нафце зменшыўся.

РР: Паводле, вас, што будзе далей  з такой мадэллю эканомікі? Ніхто не хавае, што наш бюджэт папаўняўся ў асноўным коштам продажу нафты.

 Такая сітуацыя будзе працягвацца і нізкія цэны на нафту хутчэй за ўсё застануцца яшчэ цягам двух – трох, а можа і больш гадоў. Беларускі бюджэт і беларуская эканоміка павінны прызвычайвацца да таго, што няма дадатковых вялікіх грошай, каб падтрымліваць эканоміку, каб падтрымліваць неэфектыўныя прадпрыемствы і плаціць людзям, якія працуюць на неэфектыўных працах. Беларускія ўлады яшчэ на працягу нейкага кароткага часу могуць падтрымліваць розныя эканамічна неэфектыўныя праграмы, дзякуючы знешнім крэдытам, ці ўнутраным золата валютным рэзервам, але ў прынцыпе, ў сярэднечасовай перспектыве, беларускія ўлады будуць вымушаныя праводзіць нейкія рэформы.

РР: Ці можна назваць паратункам кітайскія крэдыты на мільярдныя сумы, або крэдыты, якіх чакаюць ад МВФ і ад Расеі, без зменаў гаспадарчай сістэмы ў Беларусі?

— Калі шчыра, тут варта пахваліць беларускія ўлады, бо ў прынцыпе, з 2011 году, яны намагаюцца кантраляваць узровень знешніх крэдытаў. У параўнанні да ўсёй эканомікі знешняя запазычанасць Беларусі застаецца на нязменным узроўні, каля 52 – 52 %, а гэта яшчэ бяспечны ўзровень. І хоць тыя крэдыты, якія Беларусь сёння бярэ, яна бярэ дзеля таго, каб сплачваць мінулыя крэдыты, але Беларусь не бярэ больш крэдытаў, каб нарошчваць гэтую запазычанасць.

РР: А можа і добра што штораз менш гэтых прыбыткаў, можа ўсё ж пачнуцца нейкія рэформы?

— І я таксама на гэта спадзяюся. Звычайна ўлады розных краінаў рэфармуюць сваю эканоміку ці сваю палітычную сістэму толькі тады, каля яны вымушаныя гэта рабіць. Калі ўсё добра, улады не спяшаюцца змяняць сітуацыю. Таму цяперашняе памяншэнне энергетычнага бонусу з Расеі ў сярэднечасовай перспектыве будзе спрыяць рэформам. 

За апошні год цэны на нафту на сусветным рынку панізіліся амаль у два з паловай разы. Цяпер за барэль нафты на Лонданскай біржы даюць менш за 50 даляраў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя