Гародня рыхтуецца да III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны



Пагадненне аб супрацоўніцтве Гарадзенскай, Львоўскай і Херсонскай абласцей плануецца падпісаць на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гародні.

Пра гэта сёння ў час прэс-канферэнцыі для рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ паведаміў старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, перадае БЕЛТА.

„Упэўнены, што мерапрыемства надасць імпульс развіццю супрацоўніцтва паміж краінамі. Калі казаць пра Гарадзенскую вобласць, то, вядома, у нас ёсць свае інтарэсы. Накіраваныя яны перш за ўсё на пашырэнне эканамічных сувязяў і пошук новых партнёраў. Украіна сёння – трэці знешні партнёр вобласці па гандлёвым абароце, які ў мінулым годзе дасягнуў $ 370 млн. Аднак гэты патэнцыял далёка не вычарпаны „, – адзначыў Уладзімір Краўцоў.

„Чакаем нямала гасцей самага высокага роўню. Для рэгіёну гэта вялікі гонар. Рыхтуемся сур’ёзна, прыводзім у парадак горад, дарогі, вырашаем пытанні, якія тычацца гасцініц”, – дадаў Краўцоў.

III Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны адбудзецца ў Гародні восенню.