Пагадненне на 560 млн даляраў аб вытворчасці ў Беларусі электрамабіляў
Пагадненне на 560 млн даляраў паміж беларуска-брытанскім прадпрыемствам „Юнісан” і кітайскай кампаніяй Zotye International Automobile Trading аб арганізацыі ў Беларусі вытворчасці электрамабіляў падпісана 8 чэрвеня ў кітайскім Ціндаа, перадае пасольства Беларусі ў КНР.
Дакумент прадугледжвае арганізацыю ў Беларусі зборачнай вытворчасці 30 тыс. электрамабіляў маркі Zotye з высокай ступенню лакалізацыі да 2022 года для наступнай эксклюзіўнай пастаўкі прадукцыі на рынкі краін СНД.
Паводле інфармацыі пасольства, у Ціндаа таксама заключана пагадненне паміж групай кампаній „Лада ОМС” і China Sinopharm International Corp. аб супрацоўніцтве ў сферы медыцынскага абсталявання агульным коштам праектаў 94 млн даляраў.
Цырымонія падпісання кантрактаў адбылася ў рамках візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Ціндаа. На мерапрыемстве прысутнічалі міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, міністр замежных спраў Уладзімір Макей, міністр фінансаў Уладзімір Амарын і пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.
Як паведамляў БелаПАН, размешчаны пад Менскам завод „Юнісан” ужо наладзіў кантрактную зборку электрамабіляў Zotye E200 і Z500EV.
На адной зарадцы беларускі электрамабіль Zotye можа праехаць да 280 км у звычайных умовах і да 130 км ва ўмовах 20-градуснага марозу. Кошт мадэляў — 17 тыс. і 22 тыс. долараў адпаведна. Да канца 2018 года „Юнісан” збіраецца наладзіць зборку пяці мадэляў электрамабіляў Zotye.
Старшыня назіральнага савета СП ЗАТ „Юнісан” Аляксей Ваганаў паведаміў 30 траўня журналістам у Менску, што ў Беларусі на ўзроўні дзяржавы рыхтуюцца нарматыўныя дакументы па падтрымцы вытворчасці і куплі электрамабіляў.
„Спадзяюся, будзе ўказ прэзідэнта ў найбліжэйшы час. Нават, магчыма, два — адзін па развіцці інфраструктуры, другі — па падтрымцы вытворцы электрычных машын. Так, як гэта прынята ва ўсім свеце, у Еўропе. Мы прымаем актыўны ўдзел у іх падрыхтоўцы”, — сказаў Ваганаў.
Гаворачы аб магчымых мерах такой падтрымкі, ён прывёў прыклад дзяржаў Еўропы, дзе дзейнічаюць ільготы па ПДК, падатковыя вылікі для ўладальнікаў электратранспарту. Пры гэтым бізнесмен падкрэсліў, што выдзяленне нейкіх субсідый не прадугледжваецца.
Zotye Auto — найбуйнейшы кітайскі аўтаканцэрн, заснаваны ў 2005 годзе, належыць прыватнаму кітайскаму холдынгу Zotye Holding Group Co.
Завод „Юнісан” размешчаны ў вёсцы Абчак за 10 км ад Менска. Быў заснаваны ў 1996 годзе як беларуска-брытанскае сумеснае прадпрыемства Ford Union, а ў 2000 годзе пераўтвораны ў СП ЗАТ „Юнісан”. На працягу больш чым 15 гадоў ажыццяўляў зборку шэрагу аўтамабільных марак, уключаючы Ford, KIA, Samand, Lublin, Zotye, Cadillac і іншыя.
belapan.by