Паказчыкі дзяржпраграмы аб прадпрымальніцтве выкананыя не будуць
Мэтавыя паказчыкі дзяржаўнай праграмы аб малым і сярэднім прадпрымальніцтве выкананыя не будуць, заявіла дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак, адказваючы на пытанне БелаПАН на прэс-канферэнцыі ў Менску 24 лютага.
Згодна з дзяржпраграмай у 2016–2020 гадах доля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Беларусі павінна была вырасці з 28,3 да 40%, а ўнёсак у агульную колькасць занятых у эканоміцы – з 30,8 да 39,6%. Аднак са справаздач Мінэканомікі аб выкананні прамежкавых індыкатараў дзяржпраграмы вынікае, што запланаваныя паказчыкі адставалі ад планавых значэнняў. Так, у 2018 годзе ўдзельная вага малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў валавой дабаўленай вартасці складала 28,8%, у агульнай колькасці занятых – 30,7%. Звесткі за 2019 год стануць вядомыя ў жніўні, удакладніла Бабачонак. «Мы бачым, што мэтавыя паказчыкі, якія закладваліся ў дзяржпраграму на 2016–2020 гады, не дасягнутыя і, напэўна, паводле вынікаў 2020 года пры тым трэндзе, які мы бачылі, выкананыя не будуць», – сказала прадстаўнік Мінэканомікі.
Яна паведаміла, што міністэрства збіраецца падрыхтаваць дзяржпраграму аб развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на наступны перыяд. «На наш погляд, мэтавыя паказчыкі дзяржпраграмы ёсць сэнс перагледзець для таго, каб яны адлюстроўвалі эфектыўнасць рэалізацыі мерапрыемстваў, закладзеных у дзяржпраграме. Цалкам магчыма, што мы прыйдзем да інтэгральных паказчыкаў, якія б у комплексе апісвалі сітуацыю», – адзначыла Бабачонак. Паводле яе слоў, Мінэканомікі разам з Сусветным банкам зараз вызначаюць такія паказчыкі.
Бабачонак заявіла, што статыстыка сведчыць аб развіцці ў краіне прадпрымальніцтва. «Згодна з аператыўнай статыстыкай, класічны сектар малога і сярэдняга прадпрымальніцтва сёння налічвае 363,7 тыс. суб’ектаў, і за мінулы год іх колькасць павялічылася на 15 тысяч субʼектаў», – сказала яна. У 2019 годзе, паводле слоў Бабачонак, субʼекты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пералічылі ў бюджэт у выглядзе падаткаў і збораў больш за 9 млрд рублёў – гэта на 7% больш за ўзровень 2018 года.
«Гэтыя лічбы не ўлічваюць катэгорыю субʼектаў, якія да класічнага прадпрымальніцтва не адносяцца. Асоб, якія ажыццяўляюць эканамічную дзейнасць без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, у нас амаль 45 тысяч», – дадала дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі.