Пакуль няма пагадненняў з буйнымі расейскімі пастаўшчыкамі нафты



З вялікімі расейскімі пастаўшчыкамі нафты пакуль няма дамоўленасцяў, на якія разлічвае беларускі бок. Пра гэта заявіў журналістам старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў.

«Мы ні для каго не закрываем магчымасці па рабоце з Рэспублікай Беларусь. Прадаўжаем цесна супрацоўнічаць і весці перамовы з вялікімі кампаніямі. Але пакуль няма тых дамоўленасцяў, на якія разлічваем. Паралельна і актыўна вядзём работу па іншых напрамках. Як па самым шырокім расейскім вектары, так і па знешнім перыметры – пастаўках іншых гатункаў нафты», – сказаў Андрэй Рыбакоў.

Паводле яго слоў, трэба і ў далейшым яшчэ больш эфектыўна і плённа прадаўжаць работу па дыверсіфікацыі паставак, кантактаў і ўнутры Расейскай Федэрацыі, і з пастаўшчыкамі з іншых краін. «Планы грандыёзныя. Спадзяёмся, што не падвядзём кіраўніка краіны, не падвядзём нашу галіну», – дадаў Андрэй Рыбакоў.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка 3 сакавіка правёў нараду па пытаннях забеспячэння эфектыўнай работы нафтаперапрацоўчага комплексу краіны ў 2020 годзе і на перспектыву. Ён адзначыў, што асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вентыля на нафтавай трубе выгадныя ім пытанні вырашаюцца значна лягчэй. «Не думайце, што я намякаю тут толькі на Расею. Гэта стала нормай для дзяржаў планеты, якія маюць ад Госпада такое шчасце», – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што цяпер краіна недаатрымлівае каля 1 млн т сыравіны штомесяц, што ўплывае на работу шэрагу прадпрыемстваў. Разам з тым бягучую сітуацыю беларускі лідар лічыць нават у нечым карыснай: «Мы неапраўдана зацыкліліся на некалькіх пастаўшчыках і не маем доўгатэрміновых альтэрнатыўных крыніц сыравіны. Нафта – не манапольны тавар, і жадаючых працаваць з намі дастаткова нават у самой Расеі. Пастаўшчыкоў трэба знаходзіць, з імі трэба дамаўляцца. І гэта задача нумар адзін. Асабліва ў цяперашняй няпростай сітуацыі, якая склалася ў свеце, у тым ліку з нашым партнёрам-манапалістам».

БелТА