Паліва зноў падаражэе
18 лістапада кошт аўтамабільнага паліва на АЗС Беларусі зноў павялічыцца на капейку, паведамляе канцэрн „Белнафтахім”.
Кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,42 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,51 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,72 рубля, ДП — 1,51 рубля.
Цяперашняе падаражэнне паліва стане 24-м змяненнем цэн на яго ў 2018 годзе. Апошні раз цэны былі павялічаныя на капейку 11 лістапада.
Цэны на паліва на АЗС будуць змяняцца паступова, без рыўкоў, заявіў старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў 15 лістапада ў Наваполацку на сустрэчы з калектывам ААТ „Нафтан”.
Адказваючы на пытанні пра далейшыя крокі канцэрна па змене цэн на аўтамабільнае паліва ў сувязі са зніжэннем кошту нафты ў апошнія дні, Рыбакоў падкрэсліў: канцэрн прытрымліваецца стратэгіі плаўнай змены цэн — як пры росце кошту сыравіны, так і пры яго зніжэнні.
Паводле слоў кіраўніка „Белнафтахіма”, зробленае павелічэнне цэн не кампенсавала змянення кошту сыравіны, нават з улікам пачатку зніжэння кошту нафты апошнімі тыднямі. „Рашэнне павялічыць альбо знізіць цану на маторнае паліва прымаецца пасля стараннага аналізу сітуацыі па некалькіх паказчыках: кошт нафты, курс беларускага рубля, дынаміка цэн у суседніх краінах, падатковы складнік. У любым выпадку цэны на АЗС Беларусі будуць змяняцца паступова, без рыўкоў”, — сказаў Рыбакоў.
Фота: РИА Новости