Памер бюджэту пражытачнага мінімуму павялічыцца 1 траўня
Новыя памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 24 красавіка № 47.
З 1 траўня па 31 ліпеня 2018 года бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў 206 рублёў 58 капеек, што на 3,6% вышэй у параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў з 1 лютага па 30 красавіка 2018 года (199,32 рубля ).
У сувязі са змяненнем БПМ з 1 траўня павялічацца: мінімальныя працоўныя пенсіі; сацыяльныя пенсіі; даплаты пенсіянерам 75 гадоў і больш, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне; надбаўкі да пенсій і павышэнні пенсiй асобных катэгорый пенсіянераў; дапамогі па доглядзе інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту; памеры дзяржаўных дапамог сем`ям, якія выхоўваюць дзяцей.
Мінімальныя спажывецкія бюджэты (МСБ) для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп у сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго члена сям`і рознага складу ўстаноўлены пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 24 красавіка № 48.
Новыя МСБ у сярэдніх цэнах сакавіка 2018 года ў разліку на месяц з 1 мая па 31 ліпеня ўстаноўлены ў наступных памерах: працаздольнае насельніцтва — 437,85 рубля (на 17,25 рубля больш); пенсіянеры — 342,56 (10,74); студэнты — 322,41 (8,5); дзеці ва ўзросце да трох гадоў — 277,73 (11,17); дзеці ва ўзросце ад трох да шасці гадоў — 359,22 (10,78); дзеці ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў — 370,38 (11,68); сям`я з чатырох чалавек — 340,56 (12,13); маладая сям`я з трох чалавек — 369,99 (13,89).
Мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэбнасцей чалавека. Сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт зацвярджаецца штоквартальна пастановай Мінпрацы і сацабароны ў цэнах апошняга месяца квартала для шасці сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва і двух відаў сем`яў рознага складу.
Мінімальны спажывецкі бюджэт прымяняецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змяненняў узроўню жыцця насельніцтва і ўзмацнення сацыяльнай падтрымкі маламаёмных грамадзян.
Фота belnovosti.by