Памочнік Лукашэнкі: Рэформаў у 2016 годзе не будзе



Існуе шэраг прычын, па якіх рэформы ў 2016 годзе не атрымаюцца, заявіў на канферэнцыі „Эканоміка Беларусі: зноў перад выбарам” 3 лістапада ў Менску памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды.

Кірыл Руды

„Першая прычына: для шырокіх мас неабходнасць рэформ невідавочная. Грамадскага запыту на рэформы няма, а калі так, то ўзнікае пытанне, навошта яны”, — адзначыў Руды.

Акрамя таго, паводле яго слоў, рэформы звычайна праводзяць, калі ў краіне няма грошай. „Аднак па факце сказаць, што ў нас няма грошай, нельга — грашовы паток існуе”, — падкрэсліў эканаміст.”Трэцяя прычына, па якой рэформ не будзе ў 2016 годзе: адсутнасць знешніх стымулаў. Вопыт краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы паказвае, што яны ішлі на рэформы, калі ўступалі ў Еўрапейскі саюз. Але калі яны апынуліся на „борце” — рэформы спыніліся”, — сказаў Руды, спасылаючыся на вопыт Славеніі, Венгрыі і Літвы.

Паводле яго меркавання, гіпатэтычна стымулам для Беларусі праводзіць рэформы магло стаць запаволенне эканамічнага развіцця краін рэгіёну, „аднак мы ў гэтай сітуацыі жывем ужо даўно і да яе адаптаваліся”.

Чацвёртая прычына, па якой рэформы ў краіне не праводзяцца, заключаецца ў тым, для іх рэалізацыі павінны быць адпаведныя спецыялісты, растлумачыў памочнік прэзідэнта.

„Узнікае пытанне, каму дэлегаваць правядзенне рэформ. Хто ў нас на дзяржаўнай службе мае вопыт працы па-рыначнаму, па-заходняму? Заходні касцюм трэба адрозніваць ад заходніх мазгоў”, — сказаў Руды.

Ён адзначыў, што нават калі на дзяржслужбе і прысутнічае нейкая колькасць людзей, якія могуць „рэалізаваць лепшыя практыкі правядзення структурных рэформ”, то незразумела, як яны будуць „спалучацца з сілавікамі, гаспадарнікамі, якія з’яўляюцца выхаванцамі савецкай школы”.

Нягледзячы на вышэйпералічаныя прычыны, існуюць перадумовы, якія могуць усё ж прывесці да рэалізацыі рэформ, сказаў Руды.

„Неабходна ўцягнуць грамадскасць у працэс рэалізацыі рэформ. Калі няма грамадскага запыту на рэформы, гэта не азначае, што няма грамадскага запыту на лепшае жыццё”, — сказаў Руды, заклікаўшы эканамістаў выконваць асветніцкую функцыю і тлумачыць шырокім масам станоўчыя вынікі, да якіх могуць прывесці рэформы.

Акрамя таго, лічыць памочнік прэзідэнта, неабходна стымуляваць запыт на рэформы з боку сярэдняга класа. У гэтай сувязі ён падкрэсліў, што „задача ўлады, урада — выхоўваць сярэдні клас”, і адзначыў, што ў Беларусі доля сярэдняга класа ніжэйшая, чым у іншых краінах.

Яшчэ адна ўмова, дадаў Руды, па якой рэформы могуць атрымацца, — наяўнасць адпаведнага запыту з боку палітычнай эліты. „У апошнія гады ва ўрадзе і Нацбанку адбыўся зрух пакаленняў, і з 2013 года органы ўлады, незалежна ад таго, хто іх узначальвае, пастаянна распрацоўваюць праграмы рэформ”, — адзначыў памочнік Лукашэнкі.

Такім чынам, заключыў ён, існуюць розныя фактары, якія могуць як перашкаджаць, так і спрыяць рэформам.

„Але адназначна адно: пры яўным пагаршэнні сітуацыі рэакцыя сапраўды будзе. Пры цэнтралізацыі рашэнняў хуткая рэакцыя з боку ўлады можа мець розныя кірункі і розныя наступствы”, — лічыць Руды.

belapan.by

Фота nn.by