Пандэмія каронавірусу павышае карупцыйную рызыку



Пандэмія COVID-19 павышае карупцыйныя рызыкі, асабліва ў сферы аховы здароўя, заяўляе антыкарупцыйны орган Савета Еўропы – Група дзяржаў па барацьбе з карупцыяй (ГРЭКА). Як паведамляе прэс-служба Савета Еўропы, 23 красавіка ГРЭКА апублікавала кіруючыя прынцыпы, якія адрасаваныя 50 дзяржавам – удзельніцам ГРЭКА, у тым ліку Беларусі.

Як падкрэслівае ГРЭКА, пагроза павышэння карупцыйнай рызыкі у сферы аховы здароўя звязаная, у прыватнасці, з рэзкім ростам вострай патрэбы ў прадметах медыцынскага прызначэння і спрашчэннем правілаў закупак, перапоўненасцю медыцынскіх устаноў і перагружанасцю медыцынскіх работнікаў.

«У сувязі з тым што краіны безумоўна сутыкаюцца з надзвычайнымі сітуацыямі, канцэнтрацыяй улады, парушэннем правоў і свабод і што буйныя сумы ўкладваюцца ў эканоміку з мэтай аслаблення крызісу, нельга недаацэньваць карупцыйныя рызыкі, – цытуе прэс-служба СЕ старшыню ГРЭКА Марына Мрчэлу. – Рашэнні адносна крокаў па барацьбе з пандэміяй, якія прымаюцца цэнтральнымі, рэгіянальнымі і мясцовымі ўладамі, павінны быць празрыстыя і падлягаць кантролю і падсправаздачнасці. Неабходна забяспечыць абарону асоб, якія паведамляюць аб правапарушэннях у сферы аховы здароўя».

Мрчэла зноў нагадаў, што ў дзяржаўным сектары празрыстасць з’яўляецца адным з найбольш важных метадаў папярэджання карупцыі. «Ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі вельмі важна, каб дзяржаўныя ўстановы на рэгулярнай аснове падавалі надзейную інфармацыю, – сказаў ён. – Гэта тычыцца непасрэдна распаўсюджвання пандэміі і звязаных з ёй рызыкі, а таксама экстранных захадаў, якія робяцца для барацьбы з ёй. Мы не павінны дазволіць COVID-19 паставіць пад пагрозу нашы каштоўнасці і стандарты, уключаючы празрыстасць і падсправаздачнасць. Лічбавыя інфармацыйныя платформы, такія як спецыяльныя парталы, прысвечаныя пытанню празрыстасці, зʼяўляюцца каштоўнымі інструментамі для папярэджання карупцыі і іграюць важную ролю ў справе абароны вяршэнства права».

Карупцыйныя дзеянні могуць закранаць дзяржаўны або прыватны сектары: сістэма закупак, хабарніцтва ў сферы звязаных з медыцынай паслуг, карупцыя ў галіне навуковых даследаванняў і распрацоўкі новай прадукцыі, уключаючы канфлікт інтарэсаў і ролю лабіравання, а таксама, сярод іншай рызыкі, звязаныя з COVID-19 ашуканскія дзеянні па збыце фальсіфікаванай медыцынскай прадукцыі.

Падрабязна азнаёміцца з кіруючымі прынцыпамі ў кантэксце пандэміі каронавірусу можна на сайце Савета Еўропы.

Група дзяржаў па барацьбе з карупцыяй (ГРЭКА) – орган Савета Еўропы, праца якога накіраваная на ўмацаванне патэнцыялу дзяржаў, што ўваходзяць у яго, па барацьбе з карупцыяй шляхам кантролю за выкананнем імі антыкарупцыйных стандартаў. Яна дапамагае дзяржавам ідэнтыфікаваць прабелы ў нацыянальнай антыкарупцыйнай палітыцы і ініцыюе правядзенне неабходных заканадаўчых, інстытуцыйных і практычных рэформаў. У Групу ўваходзяць усе 47 дзяржаў – членаў Савета Еўропы, а таксама Беларусь, Казахстан і ЗША.

БелаПАН