Парадоксы беларускай фінансавай сістэмы



Неверагодна, але факт. У той час, як на сёняшні момант інфляцыя ў краіне ўжо стала большай за гадавы прагноз, у Беларусі працягвае зніжацца стаўка рэфінансавання. Чаму так адбываецца? Парадоксы беларускай фінансавай сістэмы тлумачыць эканаміст Барыс Жаліба.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

З 13 жніўня 2014 года стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка зніжаецца на 0,5 працэнтнага пункта і ўстанаўліваецца на ўзроўні 20 працэнтаў гадавых, паведаміла прэс-служба Нацбанку.

Паведамляецца, што рашэнне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання грунтуецца на прадаўжэнні ў ліпені спрыяльных тэндэнцый у грашова-крэдытнай сферы краіны. На ўнутраным валютным рынку прапанаванне замежнай валюты перавышае попыт на яе, назіраецца прыток рублёвых укладаў фізічных асоб у банках.

Апошні раз стаўка рэфінансавання ў Беларусі не так даўно – 16 ліпеня на 1 працэнтны пункт да 20,5 працэнта гадавых.

Барыс Жаліба: З пачатку года Нацбанк паставіў на мэту, што стаўка рэфінансавання будзе зніжацца. Што мы і бачым, хоць ніякіх макраэканамічных падстаў для гэтага няма. Інфляцыя вялікая, стаўка рэфінансавання набліжаецца да крытычнай мяжы. А гэта прыводзіць да змяншэння фінансавых рэсурсаў і наносіць безумоўную шкоду банкаўскай сітэме.

РР: Навошта тады зніжаюць стаўку?

Барыс Жаліба: Я думаю, што ўсё гэта робіцца пад ціскам урада і дырэктарскага лобі. Апошнія пастаянна скардзяцца на высокія працэнты, пад якія крэдытуюцца прадпрыемствы. Яны на самай справе высокія, але гэта можна зразумець. Для таго, каб зніжаць стаўку рэфінансавання, трэба знізіць інфляцыйныя працэсы. Нацбанк, безумоўна, поўнасцю праваліў заданне па інфляцыі.

РР: У чым пагроза той сітуацыі, якую мы бачым зараз?

Барыс Жаліба: Рост інфляцыі і зніжэнне стаўкі рэфінансавання – гэта дысбаланс, бо не ўлічваюцца інтарэсы банкаўскай сістэмы. Яны аддадзены ў ахвяру прамысловаму лобі, каб павялічыць унутраны валавы прадукт. За гэты паказчык адказвае прэм’ер-міністр, пад якім крэсла хістаецца куды больш, чым пад крэслам старшыні Нацбанка. Вось і ідуць на такія непапулярныя крокі.

РР: А ці выратуе беларускія прадпрыемствы зніжэнне стаўкі?

Барыс Жаліба: Скажам так, жыць ім стане крыху лягчэй. Больш танныя крэдыты можна будзе браць. Але ў цэлым сітуацыя застаецца дрэннай. Здаецца, за паўгода рост УВП склаў усяго 1,2 працэнты, а гэта вельмі мала.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя