Парадоксы даляра



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб патлумачыў, чаму пасля таго, як Федэральная рэзервовая сістэма ЗША падвысіла ключавую стаўку, даляр знізіўся ў адносінах да іншых валют.

Нагадаем, 15 сакавіка ФРС ЗША прыняла рашэнне падвысіць ключавую стаўку на 0,25 базавых пункта да 0,75 — 1,0 працэнта. Гэта першае падвышэнне стаўкі ў 2017 годзе, і яно было чаканым. Эксперты меркавалі, што павелічэнне базавай стаўкі прывядзе да падвышэння курсу даляра ў адносінах да іншых валют і, такім чынам, падаражэння амерыканскага экспарту.

РР: Якім чынам падвышэнне ключавой стаўкі ў ЗША адаб’ецца на беларускім валютным рынку?

Вадзім Іосуб: На беларускім рынку адаб’ецца не само па сабе рашэнне па адсоткавых стаўках у ЗША, а рэакцыя на яго сусветнага валютнага рынка. І зараз мы бачым, што рэакцыя крыху парадаксальная. Лічыцца, што рост стаўкі па той ці іншай валюце прыводзіць да яе ўмацавання. 15 сакавіка стаўка ФРС вырасла, а даляр знізіўся да ўсіх сусветных валют – у тым ліку, да еўра і расейскага рубля.  

РР: Чаму так адбылося?

Вадзім Іосуб: Сам па сабе рост стаўкі па даляру быў чакаемым рашэннем – ведалі наколькі яна вырасце. Рашэнне ФРС заўсёды суправаджаецца прэс-рэлізам, і там таксама ўсё было чакаема. Адзіным нюансам, на які звярнулі ўвагу рынкі – сябры камітэта па адкрытых рынках ФРС ЗША выказаліся, што чакаюць у гэтым годзе тры падняцці адсоткавай стаўкі. Значыцца, стаўку падымуць яшчэ два разы. А рынкі меркавалі, што гэтых падняццяў можа быць больш, і тры крокі па падвышэнні стаўкі ФРС яны расцанілі, як больш мяккую манетарную палітыку, чым чакалася. І адбыўся парадокс – стаўка па даляру вырасла, а сам даляр знізіўся да іншых валют. 

РР: Якія далейшыя прагнозы?

Вадзім Іосуб: Ад бліжэйшых таргоў на Беларускай валютнай біржы можна чакаць росту еўра і расейскага рубля ў адносінах да даляра, хаця гэты рост будзе дастаткова нязначным. Нейкіх глабальных наступстваў для Беларусі тут чакаць не варта, хаця беларускі рубель у адносінах да даляра крыху ўмацуецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя