Парламент Грэцыі ратыфікаваў меры жорсткай эканоміі
Грэцкі парламент прыняў закон аб рэформах, якія былі ўзгодненыя ў якасці папярэдніх умоваў для пачатку перамоваў паміж Грэцыяй і іншымі краінамі зоны еўра пра трэцюю крэдытную праграму.
У дакуменце ратыфікуецца рашэнне саміту еўразоны, які адбыўся 12-13 ліпеня, фіксуюцца змены ў падатковым заканадаўстве, у сферы сацыяльнага забеспячэння і страхавання і — асабліва — абмежаванне практыкі датэрміновага выхаду на пенсію.
Грэцыя застанецца ў зоне еўра і можа разлічваць на атрыманне новага пакету дапамогі больш чым у 80 мільярдаў еўра, але для гэтага яна павінна была легалізаваць ў парламенце абумоўленыя рэформы, якія галоўным чынам прадугледжваюць павелічэнне аб’ёму падаткаў. Таксама Грэцыя павінна перадаць дзяржактывы на 50 мільярдаў еўра ў Спецфонд прыватызацыі, які стане своеасаблівым «закладам» пад новыя крэдыты Еўразвязу, Еўрапейскага цэнтральнага банка і Міжнароднага валютнага фонду. Грэцкім банкам абяцаная падтрымка да 25-ці мільярдаў еўра.
Беларускае Радыё Рацыя