Парламент разглядае варыянт уключэння дарожнага збору ў кошт паліва
У парламенце разглядаюць варыянт уключэння дарожнага збору ў кошт паліва. Па словах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргея Клішэвіча, адбываецца вялікая дыскусія наконт дарожнага падатку.
У кантэксце гэтага пытання будуць разглядаць і змены ў правілах дарожнага руху. Таму што гэтыя два пытанні стаяць побач. Абмяркоўваецца паслабленне некаторых артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу, але па асобных – узмацненне жорсткасці.
Сяргей Клішэвіч выступае за больш строгае пакаранне для тых, хто трапіўся на п’яным кіраванні. Што тычыцца дарожнага падатку, то дэпутат перакананы: ён павінен быць уключаны ў кошт паліва. У гэтым яго падтрымліваюць выбарцы акругі і іншыя парламентарыі.
Пра змены ў працэдуры тэхагляду дэпутат кажа, што пакуль не стаў бы звяртацца да такіх радыкальных захадаў, як адмена тэхагляду. Але лічыць, што з паступовым абнаўленнем аўтапарка патрабаванні да частаты праходжання тэхагляду можна мяняць.
Беларускае Радыё Рацыя