Партфель спажывецкіх крэдытаў у банках скараціўся за паўгода амаль на 10%
Апошнія шэсць месяцаў запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах пастаянна скарачаецца, сведчаць звесткі, якія прыводзіць Нацыянальны банк у статыстычным бюлетэні.
На 1 сакавіка запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на спажывецкія патрэбы склала 5,32 млрд рублёў і скарацілася за апошнія паўгода на 557,5 млн рублёў, або на 9,5%.
У 2020 годзе дынаміка спажывецкага крэдытавання мела нераўнамерны характар. У першым квартале на фоне росту курсу долара і ўзмацнення дэвальвацыйных чаканняў запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах вырасла на 6,5% да 5,84 млрд рублёў на 1 красавіка. За другі квартал, на фоне стабілізацыі курсаў замежных валют і скарачэння ўнутранага попыту, выкліканага пандэміяй, запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах знізілася на 2,3% да 5,7 млрд рублёў на 1 ліпеня 2020 года.
Аднавіўся рост спажывецкага крэдытавання ў ліпені і паскорыўся — у жніўні. За ліпень—жнівень 2020 года запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах вырасла на 3,2% да 5,88 млрд рублёў.
Прадстаўнікі банкаўскага сектара тады паведамілі карэспандэнту БелаПАН, што павелічэнне попыту на спажывецкія крэдыты ў ліпені—жніўні было звязанае з ростам дэвальвацыйных чаканняў насельніцтва на фоне прэзідэнцкіх выбараў.
Для зніжэння націску на валютны рынак, які ўзнік у жніўні з-за павышанага попыту насельніцтва на рублёвыя крэдыты, Нацбанк абмежаваў даванне рублёвых рэсурсаў камерцыйным банкам у межах пастаянна даступных інструментаў падтрымкі ліквіднасці. Гэта прывяло да павышэння працэнтных ставак па спажывецкіх крэдытах і скарачэння аб’ёмаў іх выдачы. У сакавіку 2021 года найбуйнейшыя банкі краіны — „Беларусбанк” і „Белаграпрамбанк” — выдавалі спажывецкія крэдыты па стаўцы 25% гадавых.
На фоне высокіх ставак па раздробных крэдытах апошнія паўгода ў Беларусі назіраецца скарачэнне рынку спажывецкага крэдытавання.