„Парытэтбанк” прададзены кампаніі Саіда Гуцарыева
Пакет акцый ААТ „Парытэтбанк”, які належыць Рэспубліцы Беларусь, у памеры 99,83% статутнага фонду выкуплены кампаніяй Beristore Holdings Limited, асноўным бенефіцыярам якой з’яўляецца расейскі прадпрымальнік Саід Гуцарыеў, паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.
Як адзначаецца ў рэлізе, у адпаведнасці са стратэгіяй развіцця фінансавага рынку Беларусі да 2020 года, зацверджанай сумеснай пастановай Савета міністраў і Нацыянальнага банка 28 сакавіка 2017 года, у якасці аднаго з асноўных напрамкаў прадугледжанае зніжэнне долі дзяржавы ў статутных фондах банкаў аж да поўнага выхаду са складу акцыянераў асобных банкаў шляхам продажу стратэгічным інвестарам акцый (долей у статутных фондах).
„Роўныя правы замежных і нацыянальных інвестараў на ўдзел у прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці, у тым ліку і дзяржаўных банкаў, роўныя ўмовы для арганізацыі і вядзення бізнесу замацаваныя ў заканадаўстве”, — адзначылі ў Дзяржкаммаёмасці.
Кампанія Beristore Holdings Limited належыць расейскаму прадпрымальніку Саіду Гуцырыеву. Сын блізкага да Аляксандра Лукашэнкі бізнесмена Міхаіла Гуцырыева з’яўляецца саўладальнікам зарэгістраванай у Беларусі крыптабіржы Currency.com і некалькіх ІТ-стартапаў.
ААТ „Парытэтбанк” заснаванае 15 мая 1991 года (да 2004 года ААТ „Банк” Пошук”). З 1999-га па 2014 гады асноўным акцыянерам банка з’яўляўся Нацыянальны банк, які прадаў Кіраўніцтву справамі прэзідэнта кантрольны пакет акцый. Пасля КСП стала валодаць 99,83% акцый „Парытэтбанка”.
Да продажу асноўным акцыянерам з’яўлялася Рэспубліка Беларусь у асобе Дзяржкаммаёмасці (99,83%), астатнімі 0,17% акцый валодаюць больш як 2.400 прыватных і юрыдычных асоб.