Пашыраны пералік магчымых аперацый па арыштаваных рахунках



Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка падпісаў указ № 150 «Аб расходных аперацыях». Дакумент «удасканальвае адносіны» пры прыпыненні аперацый па рахунках і накладанні арышту на грашовыя сродкі юрыдычных і фізічных асоб, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Указам пашыраны пералік аперацый, якія могуць быць праведзеныя па прыпыненых (арыштаваных) рахунках. Так, пералік дапоўнены выплатамі работніку пры звальненні, утрыманымі з заработнай платы паводле пісьмовай заявы работніка (прафсаюзныя ўзносы, крэдыты і іншае), выплатамі абавязковых страхавых узносаў, узносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне.

Дакументам дазволена па-за чаргой і без абмежавання памеру праводзіць плацяжы, неабходныя для ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці прадпрыемства (каб не дапусціць яго прыпынення), а таксама плацяжы па кампенсацыі шкоды, прычыненай жыццю або здароўю работнікаў, забеспячэнні жыццядзейнасці грамадзян (для захавання сацыяльных гарантый).

Устаноўленыя абавязковыя рэквізіты дазволу на правядзенне расходнай аперацыі. «Гэта дасць магчымасць перавесці такія дазволы ў электронную форму і накіроўваць іх наўпрост у банк, які назаве заяўнік», – гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, указам замацаваны парадак правядзення расходных аперацый у дачыненні да новых фінансавых інструментаў, такіх як электронныя грошы і электронныя кашалькі, банкаўскія плацежныя карткі, сістэма імгненных плацяжоў.

БелаПАН