Пасля лёну пад Буда-Кашалёвам уручную ратуюць кукурузу
Не прайшло і месяца з моманту, калі на Гомельшчыне талакой ратавалі лён. Здавалася, што такога ўжо не паўторыцца ніколі, тым больш за тую масавую ўборку на днях паплаціліся сваімі крэсламі адразу некалькі чыноўнікаў ад сельскай гаспадаркі. Але вось – новыя зводкі з палёў. Ананімна, з розных куткоў краіны, нібы змовіўшыся, людзі паведамляюць пра чарговыя добраахвотна-прымусовыя мерапрыемствы.
Так, тры дні запар у Уздзенскім раёне 500 работнікаў мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў убіралі буракі, а цяпер у Буда-Кашалёўскім з паўсотні добраахвотнікаў адправіліся на кукурузу.
Кукурузу збіраюць уручную. Тэхніка тут бяссільная.
Паводле аператыўнай зводкі аблсельгасхарчу, на 29 лістапада ў Буда-Кашалёўскім раёне заставаліся несабранымі амаль 200 га кукурузы.
Аграрыі ва ўсім вінавацяць надвор’е. А мясцовая ўлада зноў просіць грамадзян мабілізавацца на агульную і карысную для краіны справу.