Пасля рашэння нямецкага суду «Газпром» зможа задзейнічаць толькі палову «Паўночнага патоку — 2»
Суд у Нямеччыне не стаў вызваляць газаправод «Паўночны паток — 2» ад нормаў газавай дырэктывы Еўразвяза, паводле якіх пастаўшчыком і аператарам газу не можа быць адна і тая ж кампанія, а палова магутнасці трубы павінна быць прадстаўленая іншым энэргакампаніям. Гэта азначае, што асноўны ўдзельнік праекту, расейскі канцэрн «Газпром», зможа выкарыстаць толькі 50 адсоткаў магутнасці трубаправоду.
Раней улады Нямеччыны адмовіліся вызваляць «Паўночны паток — 2» ад нормаў дырэктывы ЕЗ. Апэратар газаправоду, кампанія Nord Stream 2 AG, спрабаваў абскардзіць рашэнне Берліну, але Вышэйшы зямельны суд Дусельдорфу пастанавіў, што на расейскі праект распаўсюджваюцца еўрапейскія правілы.
«Паўночны паток — 2» — газаправод з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора ў абыход Украіны. ЗША, шэраг краін ЕЗ і Украіна выступаюць супраць яго збудавання, заяўляючы, што ён можа падарваць бяспеку ў Еўропе, калі Расея выкарыстоўвае яго як сродак ціску. ЗША і Нямеччына нядаўна падпісалі мемарандум аб тым, што яны будуць дамагацца ад Расеі гарантый працягу транзіту газу праз Украіну і пасля запуску трубаправоду. Яго могуць дабудаваць ужо ў гэтым годзе.
Вашынгтон прапаноўваў пастаўляць еўрапейскім краінам амерыканскі газ. Расея, Нямеччына, Аўстрыя і шэраг іншых краінаў, кампаніі якіх удзельнічаюць у будаўніцтве, настойваюць, што іхны праект выключна камерцыйны.