Пасол Германіі: Нямецкія кампаніі ў Беларусі не для таго, каб сарваць хуткія грошы
Нямецкія кампаніі прыходзяць у Беларусь не для таго, каб сарваць хуткія грошы і сысці з рынку, а каб застацца. Пра гэта заявіў пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр, выступаючы 26 верасня ў Менску на 10-м Дні нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь.
«Гэта з’яўляецца часткай нямецкага гандлю і філасофіі. Цэлы шэраг буйных канцэрнаў, а таксама сярэдніх нямецкіх прадпрыемстваў ужо шмат гадоў актыўна працуюць у Беларусі, і за іх плячыма – сітуацыя, якая паспяхова развіваецца. Былі ўзлёты і падзенні канʼюнктуры, перажывалі эканамічныя крызісы, здараліся і палітычныя звады. Але і гэтыя складаныя перыяды кампаніям удалося пераадолець, і таму радасна бачыць, што міжнародныя адносіны паміж нашымі краінамі зноў дынамічна развіваюцца», – сказаў Хутэрэр.
На яго думку, адносіны паміж дзвюма краінамі «ўстойлівыя і арыентаваны на доўгатэрміновасць».
Дыпламат адзначыў, што знешнегандлёвы абарот зноў набліжаецца да рэкорднага 2012 года, а інвестыцыі ў 2018 годзе дасягнулі максімальнай адзнакі. «Гэта не толькі пацвярджэнне выніковасці нашых намаганняў, а адначасова абавязацельствы і стымул. Мы жывем у такі час, калі ўмовы для прадпрыемстваў мяняюцца хуткаплынна. Для таго каб на доўгатэрміновым узроўні забяспечыць уздым у эканамічных адносінах паміж нашымі краінамі, неабходныя намаганні з абодвух бакоў», – лічыць пасол.
Кіраўнік дыпмісіі заявіў аб неабходнасці здымаць гандлёвыя барʼеры і развіваць кааперацыю, паляпшаць інвестыцыйны клімат для нямецкіх прадпрыемстваў у Беларусі і дапамагчы беларускім прадпрыемствам выйсці на нямецкі рынак. «Гэта задача будзе нялёгкай, аднак ёсць вельмі добрыя перадумовы для таго, каб ісці па гэтым шляху», – падкрэсліў пасол.
Паводле яго слоў, эканомікі Германіі і Беларусі падобныя, паколькі моцна развіты прамысловы сектар, ёсць нацэленасць на экспарт і «высокая працоўная этыка». Акрамя таго, Беларусь – гэта мост паміж Усходам і Захадам, член у ЕАЭС і сусед Еўрасаюза, мае высокаадукаваную працоўную сілу і IT-сектар, які дынамічна развіваецца. «Гэта фактары, якія ўплываюць на тое, што Беларусь зʼяўляецца выдатным эканамічным партнёрам для Германіі. Я мяркую, што ў галіне тэхналогій Германія можа адыгрываць яшчэ большую ролю ў мадэрнізацыі, развіцці і дыверсіфікацыі беларускай эканомікі ў многіх яе ключавых галінах», – сказаў Хутэрэр.