Пасол Расеі: Графік выхаду на фізічны пуск БелАЭС выконваецца паслядоўна
Графік выхаду на фізічны пуск Беларускай АЭС паспяхова выконваецца, заявіў журналістам 12 чэрвеня ў Менску пасол Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.
Дыпламат пагутарыў з прадстаўнікамі СМІ на фотавыставе пад адкрытым небам „Расея — ад Калінінграда да Уладзівастока”, размешчанай на плошчы Свабоды з нагоды Дня Расеі, які адзначаюць сёння.
„Мы бачым, як паспяхова, паслядоўна, значна больш плённа ідзе ўзаемадзеянне дзяржкарпарацыі „Расатам” з дырэкцыяй аб’екта, які будуецца, — сказаў ён. — Мы бачым, што пераадоленыя ўсе тыя складанасці, наколькі гэта было магчыма, якія COVID-19 прымусіў адчуваць будаўнікоў станцыі ў Астраўцы, калі частка расейскіх рабочых накіроўвалася з нашай краіны ў Гарадзенскую вобласць”.
„І мы ўжо дакладна разумеем, што графік фізічнага пуску, які дазволіць станцыі ў першым квартале наступнага года ўвайсці ў энергасістэму Беларусі, а Беларусі стаць краінай, якая ўваходзіць у клуб дзяржаў, што валодаюць мірным атамам, выконваецца паслядоўна і паспяхова”, — падкрэсліў Мезенцаў.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Паводле прагнозу Мінэнерга, пасля выхаду на поўную магутнасць станцыя будзе выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.
6 траўня на будаўнічую пляцоўку БелАЭС даставілі свежае ядзернае паліва для першага энергаблока станцыі. Праверку якасці грузу завяршылі 25 мая, зараз цеплавыдзяляльныя зборкі знаходзяцца ў сховішчы свежага ядзернага паліва.
Фізічны пуск першага энергаблока станцыі намечаны на ліпень 2020 года, энергію ён пачне даваць у верасні-кастрычніку. Другі энергаблок плануецца ўвесці ў 2021 годзе.
Былы віцэ-прэм’ер, а цяпер пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка, які курыруе збудаванне АЭС, на анлайн-канферэнцыі 10 чэрвеня паведаміў, што дакладная дата фізпуску першага энергаблока атамнай станцыі будзе вызначаная „літаральна праз тыдзень”.