Пасол Расеі пракаментаваў забарону прадукцыі з Беларусі



У перамовах пра пастаўкі прадуктаў харчавання з Беларусі ў Расею – будзе прагрэс. І будуць створаны ўмовы і лабараторыі, якія ў значнай ступені спыняць той непарадак, які адбываецца і пагражае здароўю грамадзян.

Пра гэта заявіў журналістам у Менску пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. Ён нагадаў, што пытанні з пастаўкамі харчоў узніклі пасля ўвядзення расейскіх санкцый на некаторыя віды прадукцыі з Еўразвяза, Канады ды Японіі. Паводле Сурыкава, у такой сітуацыі заўсёды знойдуцца аматары „шэрых схемаў”:

– Нечакана з’явіліся вялікія транзітныя плыні сельскагаспадарчай прадукцыі, нават такой, як яблыкі на Казахстан. Ну калі Казахстан еў польскія яблыкі, ды там Кітай побач, таму зразумела куды яны ідуць гэтыя яблыкі. Знаходзяцца людзі, якія прыязджаюць да палякаў, дамаўляюцца, афармляюць, як транзітны груз, беларуская мытня законна прапускае, ну транзіт і транзіт на Казахстан, а Казахстан ні сном, ні духам, што да яго гэтыя яблыкі ідуць.

Прыгадаем, што на мінулым тыдні Рассельгаснагляд увёў забарону на пастаўкі прадукцыі амаль двух дзясяткаў беларускіх мяса і малакоперапрацоўчых прадпрыемстваў. У Менску днямі адбыліся перамовы з удзелам экспертаў зацікаўленых краін. Практычных вынікаў перамоваў – пакуль няма.

БелаПАН