Пасол ЗША ў Літве: ЗША змогуць пастаўляць газ у Беларусь праз Клайпеду



 Злучаныя Штаты спадзяюцца ў будучыні пастаўляць газ у Беларусь праз Клайпедскі тэрмінал звадкаванага прыроднага газу, заявіў новы пасол ЗША ў Літве Роберт Гілкрыст у інтэрв’ю балтыйскаму інфармагенцтву BNS.

„Я быў бы рады бачыць, што праз Клайпеду перавальваецца звадкаваны прыродны газ з ЗША, які трапляў бы на рынак Літвы, а, магчыма, і ў Беларусь”, — сказаў дыпламат.

Паводле слоў Гілкрыста, ён ужо абмяркоўваў гэтае пытанне ў Вашынгтоне з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента ЗША і мае намер абмеркаваць яго на сустрэчах з прадстаўнікамі літоўскага ўраду.

На пытанне, ці вядуцца зараз канкрэтныя перамовы аб пастаўках газу ў Беларусь, пасол ЗША адказаў, што гэта „даволі новая ідэя, але ёсць надзея на вынік”.

„На мой погляд, надзея сапраўды ёсць, — заявіў амерыканскі пасол у Літве. — Сакратар (дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа. — БелаПАН.) быў там паўтары тыдні таму. Таму я думаю, што ўсё гэта нанова, але я ўжо ведаю, што ЗША гэтым цікавяцца і што пра гэта пойдзе гаворка на сустрэчах ва ўрадзе, якія адбудуцца ў мяне найбліжэйшымі днямі”.

Раней міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас зазначаў, што Беларусь магла б купляць газ праз Клайпедскі тэрмінал, а потым скарыстацца свопавай схемай.

Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа на прэс-канферэнцыі 1 лютага ў Менску па выніках перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што амерыканскія „вытворцы энергарэсурсаў гатовыя забяспечыць” Беларусь „неабходнай нафтай на 100% па канкурэнтнай цэнах”.

31 снежня мінулага года „Газпром” і ўрад Беларусі падпісалі пратакол аб цэнах на газ на студзень—люты 2020 года і дадаткі да кантрактаў на транзіт і пастаўку паліва, якія працягваюць іх да 2021 года. Паводле дакументаў кантрактныя аб’ёмы паставак і транзіту ў 2020 годзе захаваныя на ўзроўні 2019 года. У студзені—лютым Беларусь атрымлівае газ па цане 2019 года, якая складае 127 даляраў ЗША за 1 тыс. куб. м. У выніку перамоваў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна 7 лютага ў Сочы была дасягнутая дамоўленасць аб захаванні гэтай цаны для Беларусі на працягу 2020 года.

Менск і Масква таксама не могуць дамовіцца па цане на пастаўляную ў Беларусь расейскую нафту. З-за адсутнасці кантракта Расея з новага года спыніла пастаўкі нафты. Беларускі ўрад вядзе комплексную працу па пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты.

Расея не пастаўляе нафту ў Беларусь без прэміі да цаны, якая складае каля 10 даляраў за тону. У Беларусі адмовіліся яе плаціць, спасылаючыся на тое, што з-за падатковага манеўру кошт расейскай нафты і так павялічыўся. Цяпер яна складае 83% сусветнай.

З пачатку гэтага года беларускія НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы, забяспечваючы ў першую чаргу патрэбы ў паліве на ўнутраным рынку.

belapan.by