Пастаўкі газу з Літвы ва Украіну праз Беларусь залежаць ад волі „Газпраму”
Бо „Газпрам трансгаз Беларусь” цалкам належыць расейскай кампаніі.
Рашэнне наконт транзіту газу з краін Балтыі ва Украіну па беларускай газатранспартнай сістэме цалкам знаходзіцца ў кампетэнцыі „Газпрама”. Пра гэта расейскім СМІ паведаміў афіцыйны прадстаўнік „Газпрам трансгаз Беларусь” Ігар Горскі.
У пятніцу з’явіліся звесткі, што Украіна папрасіла Беларусь дапамагчы з транзітам па беларускай ГТС звадкаванага прыроднага газу з Клайпеды. Паведамлялася, што гэтае пытанне згадвалася ў пратаколе, які падпісалі ў пятніцу па выніках пасяджэння беларуска-ўкраінскай міжурадавай камісіі.
Каментуючы гэтую сітуацыю, ГОрскі адзначыў, што „Газпрам трансгаз Беларусь” цалкам выконвае заяўкі на транспартаванне газу, якія паступаюць ад „Газпрама”. Беларуская кампанія цалкам належыць расейскаму „Газпраму”.
Літва раней выказвала намер пастаўляць ва Украіну па 1,5 мільярда кубаметраў газу штогод. Мінэнэрга Літвы не змагло дамовіцца з „Газпрам трансгаз Беларусь” наконт транзіту газу праз нашу краіну.