Паступленні ад штрафаў у даходах бюджэту запланаваныя ў суме 100 млн рублёў



Паступленні ад штрафаў у даходах бюджэту Беларусі на 2019 год запланаваныя ў 100 млн рублёў, што складае 4,8% у структуры непадатковых даходаў, вынікае з версіі беларускага бюджэту „для грамадзян”, апублікаванай Міністэрствам фінансаў.

У цэлым даходы запланаваныя ў суме 23,7 млрд рублёў, расходы — 22 млрд рублёў.

Пры гэтым падатковыя даходы бюджэту на 2019 год фарміруюцца за кошт падатку на дададзены кошт — 8,7 млрд рублёў, даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці — 4,4 млрд рублёў, акцызаў — 2,4 млрд рублёў, падатку на прыбытак — 1,7 млрд рублёў , iншых падатковых даходаў — 1,2 млрд рублёў.

Непадатковыя даходы бюджэту на гэты год складуць 2,8 млрд рублёў і ўключаюць даходы ад выкарыстання маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, — 1,7 млрд рублёў, даходы ад ажыццяўлення дзейнасці, якая прыносіць даходы, — 0,4 млрд рублёў, штрафы — 0,1 млрд рублёў, iншыя непадатковыя даходы — 0,6 млрд рублёў.

Прафіцыт (перавышэнне даходаў над расходамі) рэспубліканскага бюджэту плануецца ў суме 1,7 млрд рублёў і ў поўным аб’ёме будзе накіраваны на пагашэнне часткі дзяржаўнага доўгу.

Законам аб рэспубліканскім бюджэце прадугледжваецца, што даходы, якія паступаюць у 2019 годзе ў бюджэт і якія перавышаюць у цэлым запланаваныя гадавыя аб’ёмы, будуць накіраваныя ў рэзервовы фонд прэзідэнта.

belapan.by

Фота СБ Беларусь Сегодня