Паступленні ў бюджэт ад дарожнага збору скараціліся больш як на чвэрць



Паступленні ў дарожны фонд (уваходзіць у склад рэспубліканскага бюджэту) ад выплаты аўтаўладальнікамі дарожнага збору (дзяржпошліна за допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху) у студзені—верасні скараціліся на 28,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

У фактычным выражэнні паступленні склалі 147,7 млн рублёў, гаворыцца ў справаздачы Мінфіна аб стане дзяржаўных фінансаў, апублікаванай 1 снежня. За аналагічны перыяд мінулага года ў казну паступіла 205,6 млн рублёў.

Працягвае зніжацца колькасць аўтаўладальнікаў, якія праходзяць тэхагляд і выплачваюць дарожны збор. Прадпрыемства „Белтэхагляд” канстатуе „захаваную негатыўную тэндэнцыю ў колькасці транспартных сродкаў, якія падаюцца на дыягнастычныя станцыі для праходжання імі дзяржаўнага тэхнічнага агляду і атрымання дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху”.

За студзень—верасень выдадзена 555,5 тыс. дазволаў на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху, што на 37,1% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Адмоўная дынаміка, як сведчаць звесткі „Белтэхагляду”, назіраецца з 2015 года.

З 2014 года праходжанне тэхагляду ўвязанае з выплатай аўтаўладальнікамі дарожнага збору, паступленні ад гэтага збору пералічваліся ў бюджэт для частковага фінансавання насельніцтвам дарожнай інфраструктуры.

Механізм выплаты збору выклікаў крытыку з боку насельніцтва, бо памер пошліны (у сярэднім прыблізна 200 рублёў) не ўлічвае працягласць эксплуатацыі транспартнага сродку. З гэтай прычыны ўлады апошнія два гады разглядаюць альтэрнатыўныя варыянты збірання пошліны, аднак канчатковае рашэнне па гэтым пытанні не прынятае.

У лістападзе тэма выплаты дарожнага збору разглядалася на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Ён заявіў, што рашэнне аб механізме выплаты дарожнай пошліны павінна быць прынятае ўрадам сумесна з парламентам.

„Усе пытанні, якія вы вынеслі на сотні старонак прэзідэнту, ляжаць у плоскасці парламента і ўрада. Вось давайце іх і вырашайце, як у цывілізаваным грамадстве”, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.

Аднак паводле вынікаў нарады ні кіраўнік урада Раман Галоўчанка, ні старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка не змаглі назваць тэрмін, калі будзе вызначаны новы механізм выплаты дарожнага збору.

belapan.by