Паток турыстаў у Беларусь скараціўся на 10-12%



У гэтым годзе паток уязнога турызму ў Беларусь скараціўся на 10-12% у параўнанні з мінулым годам.

Такія звесткі прыводзіць старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы. Ён падкрэсліў, што гэта суб’ектыўныя адзнакі, афіцыйная статыстыка з’явіцца пазней. Гулы лічыць, што турыстычны паток паменшыўся, бо расейцы паехалі ў Тайланд.

“З таго, што мы бачым па сябрах саюза (санаторыі ў разлік не бяром), разумеем, што мала ў каго з аб’ектаў размяшчэння сярэдняя загрузка сёлета перавышала 75 працэнтаў. Але мы разумеем, што ў вялікай колькасці загрузка не перавышае 50 працэнтаў, у кагосьці ніжэй за 45 працэнтаў. Адпаведна, магчымасці для росту ёсць. Пры гэтым у Расеі, якая ў апошнія гады пастаўляе асноўную частку ўязнога турпатоку, за кошт мер падтрымкі галіны расце нумарны фонд – больш чым на 15 працэнтаў.., адкрываюцца новыя выязныя напрамкі, напрыклад Тайланд, “паглынуў” 2 млн расейцаў”, – адзначыў Гулы. Але ён запэўніў, што турыстаў хоць і прынялі ў Беларусі менш, але зарабілі на іх больш. (reform.by)

Улады перадумалі ўводзіць некаторыя змены па падатках

Дэпутаты ў другім чытанні прынялі змены ў законы па падатках. Раней беларускія законатворцы хацелі павысіць стаўкі падатку на нерухомасць для фізічных асоб, якія маюць ва ўласнасці дарагую нерухомасць. Але ад ідэі вырашылі адмовіцца. Улады таксама збіраліся абавязаць фізічных асоб паведамляць пра адкрыццё і закрыццё рахункаў у замежных банках. Але змены не будуць уводзіць. Раней такое патрабаванне ўжо існавала і было скасаванае. Такі абавязак цяпер ёсць толькі ў юрыдычных асоб.

Іншыя змены засталіся ў праекце. Гэта павелічэнне стаўкі падатку на прыбытак да 25 працэнтаў пры атрыманні прыбытку звыш 25 млн рублёў у год. Павышаны падаходны падатак будуць плаціць і фізічныя асобы, чый гадавы даход перавышае 200 тысяч рублёў (каля 64 тысяч даляраў па бягучым курсе). Некаторыя змены таксама чакаюць індывідуальных прадпрымальнікаў. У законапраекце прадугледжваецца ўстанаўленне стаўкі падаходнага падатку ў памеры 30 працэнтаў пры атрыманні валавой выручкі звыш 500 тысяч рублёў (каля 160 тысяч даляраў) у год.

Беларускія экспарцёры надалей могуць атрымліваць наяўную валюту

Савет міністраў і Нацбанк сумеснай пастановай прадоўжылі да канца 2024 года дазвол юрыдычным асобам атрымліваць ад нерэзідэнтаў наяўную валюту па экспартных дагаворах.

Беларускім прадпрыемствам, у адпаведнасці з гэтай пастановай дазволена атрымліваць ад замежных партнёраў пры правядзенні аперацый, звязаных з экспартам, у тэрміны, устаноўленыя валютнай дамовай, наяўную замежную валюту. Прымаць наяўную валюту можна як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі без якога-небудзь абмежавання па суме. Пры гэтым размова ідзе толькі пра тры валюты: даляры, еўра, кітайскія юані. Дазвол дзейнічаў да канца бягучага года, а зараз прадоўжана да 31 снежня 2024 года.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: grodnonews.by