Патрэба Беларусі ў новых пазычаннях будзе расці



Дэфіцыт бюджэту і зніжэнне золатавалютных рэзерваў будуць падвышаць патрэбнасць Беларусі ў новых пазычаннях. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы дынаміку рэзерваў.

За студзень—красавік золатавалютныя рэзервы краіны скараціліся на 2,6%, або на 190,6 млн долараў, да 7,28 млрд долараў. Айчынныя эканамісты мяркуюць, што з-за значных выплат па даўгах (3,3 млрд долараў на гэты год) адмоўная дынаміка рэзерваў працягнецца.

„Пры гэтым узровень рэзерваў на канец года будзе шмат у чым залежаць ад таго, якую палітыку ўлады будуць праводзіць. Абмежаванне рублёвай ліквіднасці будзе стрымліваць зніжэнне рэзерваў, а манетарнае стымуляванне эканомікі або выкарыстанне рэзерваў на падтрыманне валютнага курсу можа прыводзіць да паскарэння адмоўнай дынамікі”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук.

На думку эканамістаў, нават пры адносна спрыяльнай сітуацыі рэзервы да канца года будуць ніжэйшыя за цяперашні ўзровень і складуць прыкладна два месяцы імпарту ў эквіваленце (6-6,5 млрд долараў).

„Дэфіцыт бюджэту стаў значным (1,8 млрд рублёў за студзень—сакавік), запасы, утвораныя за гады прафіцыту, зніжаюцца. Рэзервы, хутчэй за ўсё, таксама будуць памяншацца. Таму тэма прыцягнення новых запазычанняў з кожным месяцам будзе рабіцца ўсё больш актуальнай”, — перакананая аналітык Даследчага цэнтра BIPART Жанна Кулакова.

У цяперашніх палітыка-эканамічных умовах Беларусь можа атрымаць новыя пазыкі толькі ў аднаго крэдытора — Расіі, лічаць эксперты.

У Расіі Беларусь можа прыцягнуць некалькі соцень мільёнаў долараў шляхам размяшчэння дзяржаблігацый без эканамічных і палітычных абавязацельстваў, мяркуе Дзмітрый Крук.

„Аднак калі гаворка зойдзе пра больш значныя сумы, пра экстраннае фінансаванне, то абсалютна непрадказальная рэакцыя Расіі. Відавочна толькі адно: вылучэнне вялікіх сум Беларусі расійскі бок будзе звязваць з важнымі для сябе палітычнымі і эканамічнымі ўмовамі”, — падкрэсліў Крук у каментары БелаПАН.

Фота: b2bingo.com