Павел Латушка: Адмену санкцый супраць „Беларуськалія” лабіруюць у інтарэсах Бразіліі
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка кажа, што некаторыя краіны ЕЗ увогуле выступаюць за адмену санкцый супраць „Беларуськалія”.
„Аргумент — рост коштаў на калій, які прыводзіць да росту коштаў на прадукты харчавання”, — цытуе zerkalo.io словы Латушкі.
Палітык абвяргае гэтае меркаванне. Ён спасылаецца на дадзеныя ААН, якія сведчаць, што цана на прадукты харчавання на сусветным рынку на працягу года стабілізавалася, а не расла. Таксама ён адзначае, што Расея абмяжоўвае экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі праз марскія парты.
Па словах Латушкі, адмену санкцый лабіруюць у інтарэсах Бразіліі — гэтая краіна з’яўляецца адным з галоўных пакупнікоў беларускіх угнаенняў. Якая з краін ЕЗ выступае лабістам, Латушка гаварыць не стаў — маўляў, гэта закрытыя перамовы.
Ён расказаў, як беларускія дэмакратычныя сілы спрабуюць супрацьстаяць гэтаму лобі:
„Мы гаворым еўрапейскім партнёрам. Першае. У Беларусі велізарная колькасць палітвязняў, яны паміраюць. Другое. Лукашэнка працягвае падтрымку вайны супраць Украіны. Трэцяе. Мы прадставілі ліст усім міністрам замежных спраў ЕЗ пра тое, што „Беларуськалій” замяшаны ў фінансаванні незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі”.